Пульсуючае ярка-блакітнае святло заліло неба над Нью-Ёркам у ноч на 28 снежня, пазней высветлілася, што гэта выбухнуў трансфарматар на электрастанцыі ў Квінсе. Пра гэта паведамляе NBC New York.

Відэа NY Post

Шмат хто з жыхароў найбліжэйшых да Квінса раёнаў выйшлі з дамоў і выкладвалі ў сацсетцы фатаграфіі і відэа дзіўнага свячэння. У некаторых частках горада яно было такім яркім, што на вуліцах стала светла, як днём. Незвычайная з'ява доўжылася некалькі хвілін. Улады запэўнілі гараджан у тым, што інцыдэнт ніяк не звязаны з іншапланецянамі — горад асвятліў пажар на электрастанцыі ў Квінсе, дзе выбухнуў трансфарматар.

Паведамляецца, што ў ходзе пажару ніхто не пацярпеў. Экстраным службам удалося хутка лакалізаваць узгаранне, і яно не нанесла занадта вялікай шкоды. Прычынай называюць няправільную працу абсталявання.

З-за пажару на некаторы час адключылася электрычнасць у аэрапорце Ла Гуардыя, у турме на востраве Райкерс прыйшлося задзейнічаць рэзервовыя генератары, а цягнікі на адной з ліній гарадскога метро хадзілі са спазненнем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0