Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў упэўнены, што расійска-беларуская рабочая група па развіцці інтэграцыі дапаможа дасягненню дамоўленасцей паміж краінамі.
Фота: kremlin.ru.
Падчас аднаго з інтэрв'ю журналіст спытаў, як Лаўроў ацэньвае словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Беларусь гатовая аб'яднацца з Расіяй?
«Ці гатовая Расія да такога кроку?» — спытаў журналіст у Лаўрова.
«Вакол гэтага пытання занадта шмат эмоцый, журналісты многае дадумваюць і дапісваюць. У нас вельмі простая пазіцыя, і яна падзяляецца прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Ёсць дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, у ім выкладзены тыя дамоўленасці, якія былі пакладзены ў аснову Саюзнай дзяржавы. Яны датычацца ўзаемадзеяння ў эканоміцы, фінансах, у сферы палітычнай і знешнепалітычнай каардынацыі», — сказаў Лаўроў.
Як адзначыў расійскі міністр, рабочая група дзвюх краін па інтэграцыі павінна паглядзець, наколькі дамоўленасці той эпохі на сёння выкананы, і што патрабуецца зрабіць, улічваючы сучасны стан развіцця дзяржаў.
«Роўна пра гэта і ідзе гаворка, таму мы гатовыя працягваць супрацоўніцтва настолькі, наколькі гатовая гэта рабіць сама Беларусь», — сказаў Лаўроў.