Свае відэазапісы з агучанымі па-беларуску тэкставымі ўрыўкамі з серыяла «Сэкс у вялікім горадзе» даслалі 417 удзельнікаў. 56 мужчын прэтэндавалі на агучку містэра Біга і Стэнфарда, а паспрабаваць свае сілы ў якасці дублёра адной з галоўных гераінь серыяла — Кэры, Саманты, Шарлоты і Міранды — пажадала 361 жанчына. Геаграфія канкурсантаў ахоплівае 36 гарадоў, у тым ліку замежных: па адной заяўцы арганізатары атрымалі з Варшавы, Кёльна, Парыжа і Санкт-Пецярбурга.

Па колькасці дасланых работ лідзіруе Мінск: у конкурсе ўзялі ўдзел 307 жыхароў беларускай сталіцы (73% ад агульнай колькасці заявак). Таксама ў лік лідараў увайшлі Брэст, Віцебск, Гомель і Гродна. 36% заявак даслалі ўдзельнікі з рэгіёнаў. Больш за ўсё конкурсных відэа паступіла ад тых, чыя прафесійная дзейнасць так ці іначай звязаная з працай з голасам і валоданне ім: радыёвядучых, акцёраў і музыкаў.

Для ўдзелу ў другім туры прадстаўнікі Voka сфарміравалі спіс з 50 чалавек. Такім чынам, у шорт-ліст увайшоў кожны восьмы ўдзельнік з ліку тых, хто падаў заяўкі. Цяпер ім належыць сустрэцца з сябрамі журы ў часе праслухоўвання, месцам якога стане прафесійная студыя дубляжу і агучкі. Запрашэння на кастынг варта чакаць з дня на дзень.

Усе 417 канкурсантаў атрымаюць ад Voka прамакод на 30-дзённую падпіску «Амедыятэка», якая дазваляе глядзець «Сэкс у вялікім горадзе» і іншыя культавыя серыялы. Інфармацыя пра гэта прыйдзе асабістым паведамленнем у Instagram.

Асноўнымі крытэрамі адбору канкурсантаў у фінале будуць валоданне акцёрскай рыторыкай, адпаведнасць вобразу героя, артыстызм і чысціня голасу. Істотнай умовай стане і наяўнасць у прэтэндэнтаў магчымасці аддаць некалькі дзён працы ў студыі над агучкай свайго персанажа.

Пераможцы другога этапу агучаць герояў пілотнай серыі «Сэксу ў вялікім горадзе» на беларускай мове. Прэм’ерны паказ першага сезона адбудзецца ў сакавіку на платформе Voka ў раздзеле «CINEVOKA — кіно па-беларуску».

Глядзіце таксама:

Што вы ведаеце пра «Сэкс у вялікім горадзе»? ТЭСТ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?