LETA
Улады Беларусі выслалі з краіны намесніка дырэктара Ваеннага музея Латвіі Юрыса Цыганаўса, паведамляе Tut.by са спасылкай на Delfi.
Юрыс Цыганаўс прыбыў у Беларусь для ўдзелу ў міжнароднай навуковай канферэнцыі. Але беларускія памежнікі гісторыка не прапусцілі, і ён самалётам быў дэпартаваны ў Вільню. Інфармацыю пра гэта журналістам пацвердзіў сам Цыганаўс.
Цыганаўс адправіўся на навуковую канферэнцыю ў Мінск па запрашэнні беларускага боку. Аднак па прылёце ў мінскі аэрапорт латвійскі гісторык даведаўся, што ў Беларусь яго не пусцяць: ён уключаны ў «чорны спіс» для наведвання Расіі. Гэта ж забарона на ўезд для яго дзейнічае і ў дачыненні да Беларусі.
Гэта не першы інцыдэнт такога роду. У студзені, нагадаем, памежнікі адмовіліся ўпусціць у Беларусь каардынатара праграм шведскага медінстытута Fojo Вольгу Вале, бо яе імя апынулася ў расійскім чорным спісе.