Памежнік кантрактнай службы Мікалай Гудзіма засіліўся ў ноч на 12 мая, ён служыў кіроўцам у Смаргонскай памежнай групе, паведамляе Радыё Свабода.
Першым пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале блогер Nexta. Пазней здарэнне пацвердзіў Памежны камітэт.
Прапаршчыку Мікалаю Гудзіму было 33 гады. У яго засталіся жонка, двое дзяцей, бацькі.
Як расказаў стрыечны брат нябожчыка Юрый, 11 мая Мікалай быў на дні народзінаў сваёй хрэсніцы ў Смаргоні. Пасля свята яны паехалі начаваць у бацькоўскі дом у Солах Смаргонскага раёна. Раніцай цела мужчыны ў гаспадарчай прыбудове знайшоў бацька.
Аб прычынах смерці сваяк не бярэцца казаць і не ведае, ці яна неяк звязаная са службай.
Вядома, што перад смерцю Гудзіма пакінуў запіску.
«Люблю жонку, дзяцей. Гэта нейкія сурокі. Воля [жонка загінулага — РС], прадавай кватэру і з'язджай з гэтага горада. Мама, тата, дзякуй за ўсё», — па памяці пераказвае апошнія словы нябожчыка Юрый.
Юрый кажа, што і бацька Мікалая казаў, нібыта яму падкідвалі лялек, якія наводзяць чары.
Сям’я Гудзімаў, па словах брата, была добрай, заможнай, Мікалай алкаголем не злоўжываў. Яны нядаўна набылі кватэру ў Смаргоні. Жонка таксама служыць у Смаргонскай памежнай групе.
Пахаванне адбудзецца 14 мая ў вёсцы Солы Смаргонскага раёна.
Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі пацвердзіў Радыё Свабода, што сапраўды 12 мая ў 6.30 раніцы па месцы жыхарства бацькоў было знойдзена цела вайскоўца-кантрактніка Мікалая Гудзімы.
«Прапаршчык Мікалай Гудзіма па службе характарызуецца станоўча. Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта суіцыд, не звязаны са службовай дзейнасцю прапаршчыка. Працуе следчая аператыўная група, якая высвятляе прычыны і абставіны трагедыі. Іншых падрабязнасцяў пакуль паведаміць не можам. Дзяржаўны памежны камітэт выказвае свае спачуванні сям’і і аказвае дапамогу», — паведаміў палкоўнік Антон Бычкоўскі.
Пакуль сцвярджаецца, што суіцыд не звязаны са службовай дзейнасцю.