Мястэчка Ізабелін, што на Ваўкавышчыне, — адзін з яскравых прыкладаў поліканфесійнасці Беларусі, а могілкі — яўнае сведчанне гэтага, бо габрэйскія, каталіцкія, праваслаўныя ды пратэстанцкія пахаванні месцяцца на адной лініі. Нібы тыповая беларуская вёска, але з якой гісторыяй!
Першыя крокі па аднаўленні габрэйскіх могілак былі зробленыя яшчэ летась. Тады талакою прыбралі могілкі, пачысцілі ды апісалі мацэвы.
Сёлета ж тут адбыўся першы валанцёрскі летнік «Ізабелін-2019», ініцыяваны Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры.
Пад кіраўніцтвам Юрася Меляшкевіча і Віталя Амяльковіча валанцёры таварыства і моладзь Ізабелінскай і Падароскай каталіцкай парафій расчысцілі большую частку тэрыторыі юдзейскіх могілак, прыбралі сутарэнні сінагогі ў Ізабеліне. У сваю чаргу, Антон Астаповіч склаў азімутальны план юдзейскіх і пратэстанцкіх могілак.
Антон Астаповіч склаў азімутальны план могілак у Ізабеліне.
Але летнік не абмяжоўваўся адной працай, штодзень удзельнікаў чакала насычаная праграма. На аграсядзібу «Зялёны Дуб» (Падароск), дзе жылі валанцёры, завіталі выбітныя культурніцкія і грамадскія дзеячы.
Удзельнікі летніка праслухалі цікавыя лекцыі ад Антона Астаповіча, Алеся Краўцэвіча, Таццяны Пятровай, Генадзя Семенчука, Малгажаты Кажанеўскай. Дзякуючы Андрэю Коласу пабачылі будучую экспазіцыю музея ў маёнтку Падароск, непаўторна правялі час пад спевы Віктара Шалкевіча ды скончылі літаратурнай імпрэзай Уладзіміра Арлова.
Арганізатары паведамляюць, што плануецца яшчэ адзін летнік у наступным годзе.
Асаблівую ўдзячнасць яны выказваюць маёнтку Падароск, Ізабелінскаму селькаму, КСУП «Мацвееўцы» і Падароскаму лясніцтву. А таксама ксяндзу пробашчу ізабелінскага Петрапаўлаўскага касцёла айцу Генадзю і яго парафіянам!
Сачыць за навінамі таварыства можна ў сацсетках:
Facebook.com/tavarystva/
Facebook.com/izabelinsynagogue/