Фонд «Краіна замкаў» запрашае на экскурсію па землях, якія калісьці належалі аднаму з самых уплывовых родаў Вялікага Княства Літоўскага — Сапегам.
У вёсцы Новая Мыш, недалёка ад Баранавіч, знаходзіцца несамавіты на першы погляд парафіяльны касцёл першай паловы ХІХ стагоддзя, пабудаваны на сродкі Францішка Сапегі. Касцёл невялікі, вясковы класіцызм, нічога асаблівага — але гэта толькі на першы погляд. Калі вы трапляеце ўсярэдзіну, бачыце разьблёныя барочныя алтары, амбон, хоры, арган. Міжволі ўзнікае пытанне: адкуль тут такое багацце? Унутры касцёла Перамянення Гасподняга вы зможаце палюбавацца ўратаванымі інтэр'ерамі нясвіжскага касцёла бенедыктынак.
Косава вядомае помнікам архітэктуры — рамантычным палацам Пуслоўскіх, збудаваным у 1838 г., які спалучае ў сабе рысы класіцызму і готыкі.
У драўляным косаўскім касцёле 1626 г. (цяпер на яго месцы касцёл Святой Тройцы XIX ст.), 12 лютага 1746 годзе быў ахрышчаны Тадэвуш Касцюшка — герой Беларусі, Польшчы і ЗША, кіраўнік паўстання 1794 г. У Косаве ўдзельнікаў экскурсіі чакае і знаёмства з найцікавейшай экспазіцыяй у доме-музеі Тадэвуша Касцюшкі.
Ружаны вядомыя з пісьмовых крыніц ад сярэдзіны XVI ст. Мястэчка славілася вытворчасцю сукна, дываноў, шпалеры, мастацкіх паясоў і іншых вырабаў, якія ішлі не толькі на патрэбы феадала, але і на продаж. Славіліся Ружаны таксама і кірмашамі.
Перабудова разбуранага замка ў палацавы ансамбль звязаная з імем Яна Самуэля Бекера, прыдворнага архітэктара Сапегі. Комплекс быў задуманы як спалучэнне галоўнага і двух дапаможных карпусоў, аб'яднаных магутнай аркадай. Ансамбль не захаваўся цалкам, аднак манументальныя ўязная брама — трыўмфальная арка, рэшткі пабудоў пакідаюць моцнае ўражанне.
Слонім — горад, пад'ём якога адбыўся дзякуючы роду Сапегаў. Нават у нашы дні можна ўбачыць гарадскі герб, на якім зашыфравана імя і прозвішча вялікага канцлера Льва Сапегі. З былых часоў да нас дайшоў унікальны ансамбль праваслаўных і каталіцкіх храмаў, ратуша, сінагога, гарадская забудова XVIII-XX ст.
Запісацца ў вандроўку па сапегаўскіх уладаннях можна патэлефанаваўшы:
(17) 203-69-70
(17) 226-03-02
(29) 682-58-07
(29) 772-77-58
Болей інфармацыі — на сайце www.zamak.by.
Фонд «Краіна замкаў». УНП 690382807