Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Усе, хто захварэў на каранавірус, знаходзяцца ў здавальняючым стане, маюць практычна бессімптомнае развіццё захворвання. Пра гэта падчас сумеснага брыфінгу ў МЗС заявіла намеснік міністра аховы здароўя Наталля Жукава, піша Tut.by.

Прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя падкрэсліла, што прэвентыўныя меры дапамагаюць стрымліваць распаўсюд віруса.

— Тры чалавекі з сям'і студэнта з Ірана не маглі распаўсюджваць інфекцыю па месцы працы і жыхарства. У аднаго з кантактуючых вірус быў выяўлены ўжо на наступны дзень, у астатніх — не. Гэта значыць, мы прадухілілі распаўсюджванне віруса, — сказала Жукава.

На сёння ў Міністэрстве аховы здароўя на кантролі па каранавірусе знаходзяцца 14,5 тысяч чалавек — гэта тыя, хто альбо знаходзіўся ў асяроддзі тых, хто захварэў, альбо прыбыў з краін, дзе выявілі успышкі каранавіруса.

«Людзі ўсё так жа прылятаюць, прыязджаюць, ляцяць і з'язджаюць. Праверка — працэс пастаянны, і казаць, што гэтая лічба канчатковая ці выніковая — нельга», — удакладніў словы Наталлі Жукавай телеграм-канал Міністэрства аховы здароўя.

Жукава таксама падкрэсліла, што Міністэрства аховы здароўя не плануе прапаноўваць закрываць межы і спыняць міжнародныя кантакты. Адзіная мера, якую вырашылі распачаць, — перанесці масавыя мерапрыемствы ў краіне на больш познія даты.

У МЗС на брыфінг запрасілі прадстаўнікоў дыпкорпуса, акрэдытаваных у Беларусі, каб давесці да іх актуальную інфармацыю пра сітуацыю з каранавірусам у Беларусі.

Намеснік кіраўніка МЗС Андрэй Дапкюнас распавёў, што некалькі дзён таму ў МЗС была створана рабочая група па прадухіленні распаўсюджвання каранавіруса. Узначаліў групу намеснік міністра Дапкюнас. У Службе дзяржпратаколу таксама створана каардынацыйная група, якая будзе працаваць кругласутачна, каб быць на сувязі з пасольствамі, якія працуюць у Беларусі.

Нагадаем, на сярэдзіну дня 4 сакавіка ў Беларусі зарэгістравана шэсць выпадкаў каранавіруса. Чатыры — у Мінску, два — у Віцебскай вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0