У райцэнтры Буда-Кашалёва Гомельскай вобласьці 21 красавіка памерла 45-гадовая фэльчарка хуткай дапамогі Галіна Н. Пра гэта «Свабодзе» паведамілі адразу некалькі вартых даверу крыніц. Вядома, што ў яе была пнэўманія.

«Яе ў цяжкім стане пераводзілі ў Гомель, але ўратаваць не ўдалося. У Гомлі яна знаходзілася на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Захварэла і яе маці, яна цяпер у адным з абласных шпіталяў на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх», — паведамілі «Свабодзе» калегі нябожчыцы.

«Яна скончыла Гомельскую мэдычную вучэльню. Потым усё жыцьцё аддала працы на хуткай дапамозе ў Буда-Кашалёве. Яна любіла сваю працу», — сказала калега.

У Галіны засталіся муж і дачка.

Адна з калегаў фэльчаркі, зь якой «Свабодзе» ўдалося пагаварыць, паведаміла, што сама сёньня трапіла ў шпіталь з пнэўманіяй.

Ці пацьвердзілі ў нябожчыцы заражэньне каранавірусам, невядома. На момант выхаду публікацыі атрымаць афіцыйны камэнтар не ўдалося.

Складаная сытуацыя з распаўсюдам каранавірусу ў Буда-Кашалёве склалася з пачатку красавіка. Тады ў раённы шпіталь трапілі 39 жыхароў пасёлку Камунар, у асноўным школьнікі і настаўнікі. Тэсты аказаліся адмоўныя, дзяцей адправілі дахаты. Пачалося ўсё з таго, што каранавірус пацьвердзілі ў аднаго хлопчыка. Ён, імаверна, заразіўся ад трэнэра гомельскай СДЮШАР-4.

Пазьней на каранавірус захварэлі мэдыкі, якія працуюць на «хуткай», а таксама ў рэанімацыі і тэрапіі.

Не абмінуў каранавірус і пацыентаў тэрапэўтычнага аддзяленьня. 

У нумары раённай газэты «Авангард» за 18 красавіка галоўная лекарка раённага шпіталя прызнала, што «ёсьць выпадкі заражэньня COVID-19 сярод мэдработнікаў».

«Гэта сярэдні і малодшы мэдыцынскі пэрсанал. У большасьці хвароба працякае без сымптомаў. Выпадкаў заражэньня сярод лекараў няма. Тэсты на каранавірусную інфэкцыю ў іх адмоўныя».

Па звестках Міністэрства аховы здароўя на 20 красавіка, у Гомельскай вобласьці зафіксавалі 322 выпадкі заражэньня каранавірусам. Апошнія два дні статыстыку па абласьцях не агучвалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?