Вывучаючы генныя мутацыі ў рыб, навукоўцы выявілі фермент, які стымулюе іх сэксуальныя функцыі, працуючы як палавы гармон. Адкрыццё можа прывесці да стварэння новых метадаў лячэння бясплоддзя ў людзей. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Proceedings of National Academy of Sciences, піша ria.ru.

Канадскія біёлагі з Атаўскага ўніверсітэта разам з іх калегамі з Інстытута гідрабіялогіі Кітайскай акадэміі навук, праводзілі эксперыменты па рэдагаванні генаў у рыбак даніа, назіраючы, як генныя мутацыі адбіваюцца на палавой функцыі рыбак і ўзаемадзеянні самцоў і самак падчас спарвання.

Навукоўцы заўважылі, што змяненне з дапамогай спецыфічнай мутацыі генаў пептыда сакрэтаграніна-2 прыводзіла да таго, што самцы пераставалі звяртаць увагу на самак і не апладнялі выкіданую самкамі ікру. Пры гэтым рыбы выглядалі абсалютна здаровымі.

Звычайна праз некалькі хвілін пасля першай сустрэчы самец пачынае пераследваць самку ў рытуале заляцання, і неўзабаве самка выпускае свае яйкаклеткі ў ваду, а самец іх адразу ж апладняе. Але ў генетычна мадыфікаваных парах апладненне адбывалася толькі ў адным выпадку з дзесяці.

Сакрэтагранін-2 — гэта буйны бялок, які важны для нармальнага функцыянавання клетак мозгу і іншых клетак, што вылучаюць гармоны для кантролю функцый арганізма, такіх як рост і размнажэнне. Ён прысутнічае не толькі ў арганізме рыб, але і ў іншых жывёл і чалавека.

«Аднак гэты бялок можа быць падзелены на часткі адмысловымі ферментамі, і мы выявілі, што адзін яго невялікі фрагмент, званы пептыдам сакрэтанеўрыну, важны для стымуляцыі палавой функцыі», — прыводзяцца ў прэс-рэлізе словы кіраўніка даследавання Вэнса Трудо, прафесара кафедры нейраэндакрыналогіі Атаўскага ўніверсітэта.

Шляхам аднаразовай ін'екцыі пептыду сакрэтанеўрыну навукоўцам удалося часткова аднавіць палавую функцыю ў генетычна змененых рыб. Аўтары мяркуюць, што пептыд дзейнічае на клеткі ў мозгу і гіпофізе, павялічваючы вызваленне гармонаў. На іх думку, гэта можна разглядаць як папярэдні доказ таго, што мутацыі сакрэтаграніну-2 прыводзяць да парушэння сэксуальных паводзінаў у жывёл у цэлым, а з дапамогай сакрэтанеўрыну, які выконвае функцыю палавога гармона, гэтую сітуацыю можна выправіць.

Навукоўцы плануюць выкарыстоўваць генетычна мадыфікаваных рыбак даніа ў якасці лабараторнай мадэлі для пошуку іншых фактараў, звязаных са сферай палавых функцый — ці гэта павелічэнне нерасту ў культываваных відаў рыб, ці пошук новых метадаў лячэння бясплоддзя ў чалавека.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0