Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Віктар Бабарыка падаў у ЦВК зварот аб фактах парушэння заканадаўства падчас выбарчай кампаніі. Да іх ён аднёс прымус падпісвацца за дзейнага прэзідэнта, абразы прэтэндэнтаў у кандыдаты Аляксандрам Лукашэнкам і супрацьпраўныя дзеянні супраць сябраў ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў, піша Tut.by. У выпадку, калі парушэнні пацвердзяцца, ён просіць зняць Лукашэнку з выбараў.

За першы тыдзень кампаніі каманда Віктара Бабарыкі ўбачыла неверагодна шмат парушэнняў, якія адбываюцца на месцах, і ў яе ёсць звесткі і скрыншоты, якія сведчаць аб тым, што ва ўніверсітэтах, на прадпрыемствах, у грамадскіх аб'яднаннях людзей прымушаюць падпісвацца за дзейнага прэзідэнта.

— Плюс выступленні прэзідэнта, цяпер — прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы, і дзяржаўныя СМІ ўтрымліваюць, з майго пункту гледжання, досыць шмат інфармацыі, якую можна лічыць парушаючай заканадаўства. Напрыклад, прамыя абразы ў адрас прэтэндэнтаў у кандыдаты і ўтойванне нейкай інфармацыі, калі кажуць, напрыклад: «фінансуецца з-за мяжы» — гэта прамое парушэнне.

Калі ў вас ёсць факты — прад'явіце, калі іх няма — гэта паклёп. Ну і, вядома, супрацьпраўныя дзеянні [затрыманні], якія адбываюцца.

Увесь гэты комплекс парушэнняў мы звялі ў дэкларацыю аб сумленных выбарах і робім першы крок, каб ёй прытрымлівацца: сабралі матэрыялы, скрыншоты і падалі ўсё гэта ў ЦВК. ЦВК абавязаны нам адказаць па асобных палажэннях на працягу трох дзён, па іншых — на працягу дзесяці, — распавёў TUT.BY Віктар Бабарыка.

Бабарыка не стаў прыводзіць канкрэтныя факты, перададзеныя ў ЦВК, але распавёў, што сярод іх ёсць зварот студэнтаў, якім рэктар у рамках навучальнага працэсу гаварыў прыходзіць з пашпартамі і пакідаць подпіс за дзейнага прэзідэнта. Тым, хто гэта рабіў, аўтаматам ставілі адзнаку за іспыт. Аўдыёзапісы Бабарыка перадаў у ЦВК разам са зваротам.

— Мы хочам зразумець: калі гэта дапушчальна, значыць, гэта дапушчальна для ўсіх кандыдатаў. То-бок, я магу дакладна так жа выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс усіх прадпрыемстваў?

Сапраўды гэтак жа магу абразліва або няправільна выказвацца пра ўсіх прэтэндэнтаў у прэзідэнты і мне таксама за гэта нічога не будзе? Калі мы атрымаем пацвярджэнне гэтага, значыць, будуць вось такія выбары, — адзначыў прэтэндэнт у прэзідэнты.

У звароце, які Бабарыка апублікаваў на сваім сайце, ён паказвае, што ніколі не сцвярджаў, што дзеючы прэзідэнт прапаноўваў яму пасаду прэм'ер-міністра, а таксама ніколі не выкарыстоўваў грашовыя сродкі замежных асоб для фінансавання сваёй выбарчай кампаніі.

***

Віктар Бабарыка просіць:

1. Пры выяўленні падчас разгляду гэтага звароту парушэнняў заканадаўства, названых у арт. 68-1 ВК РБ — адмовіць у рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты А. Лукашэнку;

2. Пры выяўленні ў ходзе разгляду гэтага звароту прама не названых у арт. 68-1 ВК РБ фактаў парушэння заканадаўства аб выбарах — вынесці папярэджанне А. Лукашэнку як асобе, якая вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь;

3. У выпадку праверкі подпісаў, сабраных пры вылучэнні Лукашэнкі А. Р., праверыць у тым ліку подпісы, сабраныя членамі ініцыятыўных груп, якія з'яўляюцца супрацоўнікамі устаноў (арганізацый), указаных у Дадатку No1 да цяперашняга звароту, і на падставе арт. 61 ВК РБ лічыць усе подпісы на такіх падпісных лістах несапраўднымі па абставінах, выкладзеных у звароце;

4. Даць Бабарыку В. Д., магчымасць выступіць публічна з аспрэчаннем ілжывых звестак ва ўсіх сродках масавай інфармацыі і на ўсіх каналах, па якіх былі распаўсюджаны ганячыя Бабарыку В. Д. звесткі;

5. Даць членам ініцыятыўнай групы Бабарыкі В. Д. магчымасць на аналагічных умовах (у працоўны час, з давядзеннем інфармацыі да ўсіх работнікаў (навучэнцаў) прапанаваць жадаючым работнікам (навучэнцам) у арганізацыях, указаных у дадатку No1 паставіць подпіс за вылучэнне Бабарыкі В. Д. у якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь

Тэкст звароту.

Нагадаем, 29 мая Аляксандр Лукашэнка, наведваючы МТЗ, дапусціў шэраг эмацыйных выказванняў на адрас прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта і іх паплечнікаў. Разважаючы пра тое, хто мог прапанаваць Бабарыку пасаду прэм'ер-міністра, Лукашэнка намякнуў на фінансаванне кампаніі экс-банкіра з Расіі.

— Вы ведаеце, на чые грошы ён балатуецца, — сказаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?