Фота Надзеі Бужан
Марыя Калеснікава затрыманая і знаходзіцца ў Мазырскім пагранатрадзе, паведамляе штаб Віктара Бабарыкі ў сваім тэлеграм-канале.
Зазначаецца, што інфармацыя ў штаб паступіла з некалькіх ананімных крыніц. Пры гэтым у тэлефоннай гутарцы з адвакатам Марыі Калеснікавай Максімам Знакам аператыўны дзяжурны паведаміў, што не ведае пра факты затрымання каго-небудзь у пункце пропуску Аляксандраўка.
— У інтарэсах Марыі Калеснікавай быў заключаны дагавор з адвакатам з Мазыра, які падаў у в/ч 1257 апавяшчэнне аб прыняцці абароны і копію ордара, яму таксама паведамілі пра тое, што Марыі Калеснікавай у гэтай вайсковай частцы няма.
Пры гэтым Дзяржаўны памежны камітэт, які пацвердзіў затрыманне, таксама не паведаміў, ні хто затрымліваў Марыю Калеснікаву, ні на якіх падставах яна затрыманая.