Як паведамляе сайт Дзяржпагранкамітэта, пастанову пра абмежаванні на мяжы выдаў Савет Міністраў. Прычына — кавід. Нагадаем, што падчас першай хвалі кавіду Беларусь межы не закрывала, а кіраўніцтва краіны адмаўляла небяспечнасць сітуацыі.
Ад 1 лістапада Беларусь часова прыпыняе перасячэнне мяжы на ўезд для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў аўтадарожных пунктах пропуску, пунктах спрошчанага пропуску, пунктах пропуску на чыгуначных вакзалах (станцыях), пунктах пропуску ў рачных партах у мэтах прадухілення распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай COVID-19, паведамляе ДПК.
Звярніце ўвагу, што на аэрапорт абмежаванні не распаўсюджваюцца.
Абмежаванне не тычыцца:
- замежных грамадзян, якія едуць па дыпламатычных і службовых пашпартах;
- кіраўнікоў і членаў афіцыйных дэлегацый;
- замежнікаў, якія аказваюць міжнародную бязвыплатную дапамогу Рэспубліцы Беларусь;
- кіроўцаў транспартных сродкаў пры выкананні міжнародных аўтамабільных перавозак, а таксама перавозак міжнародных паштовых адпраўленняў;
- членаў экіпажаў судоў унутранага воднага транспарту, цягніковых брыгад, лакаматыўных брыгад міжнародных чыгуначных зносін;
- замежнікаў, якія з'яўляюцца мужам, жонкай, бацькамі або дзецьмі грамадзян Рэспублікі Беларусь;
- замежнікаў, якія маюць права на пастаяннае або часовае пражыванне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;
- замежнікаў, якія маюць дазвол на працу або пацвярджаюць дакументы на ажыццяўленне працоўнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;
- замежнікаў, які едуць у Рэспубліку Беларусь пасля паведамлення аб цяжкай хваробе або смерці блізкага сваяка;
- замежнікаў, якія ажыццяўляюць перавозкі ствалавых клетак, органаў для трансплантацыі;
- грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія едуць транзітам праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у Расійскую Федэрацыю;
- замежнікаў, якія едуць транзітам праз тэрыторыю Беларусі ў адпаведнасці з пагадненнем паміж Урадам Беларусі і Кабінетам Міністраў Украіны аб спрошчаным парадку праезду ўчастка аўтамабільнай дарогі Славуціч — Чарнобыльская АЭС, які праходзіць па тэрыторыі Беларусі, работнікамі, транспартнымі сродкамі і грузамі Чарнобыльскай АЭС і прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць дзейнасць у зоне адчужэння, а таксама замежнымі спецыялістамі, прыцягнутымі да рэалізацыі міжнародных праектаў па закрыцці Чарнобыльскай АЭС, ад 20 студзеня 2009 года;
- тых, хто прылятае ў Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт Мінск.
0
0
0
0
0
0