Акцыю праводзіла аб'яднанне «Ахова птушак Бацькаўшчыны», паведамляюць «Мінск-Навіны».

Удзельнікам трэба было даслаць фатаграфіі і відэа зробленых сваімі рукамі ці заўважаных у ваколіцах кармушак, да якіх прылятаюць птушкі. Самыя незвычайныя можна ўбачыць у відэаматэрыяле.

Сёлета быў пабіты рэкорд па колькасці ўстаноўленых кармушак, на якіх удзельнікі акцыі налічылі 14 933 птушкі 39 відаў. Годам раней было ўлічана 6 500 птушак 26 відаў.

Першае месца сёлета заняла вялікая сініца (налічылі 6 868 птушак), другое — верабей палявы (1 991), трэцяе — верабей дамавы (1 837). На чацвёртым месцы — зелянушка (785), на пятым — блакітніца, або сіняя сініца (513 птушак).

Таксама гараджанам сустракаліся аўсянкі, дразды, амялушкі, сойкі, шпакі, снегіры, дубаносы, шчыглы і нават шэсць відаў дзятлаў. Сярод незвычайных гасцей кармушак былі заўважаныя юрок і малінаўка. Гэтыя два віды нячаста зімуюць у Беларусі і рэдка прылятаюць паласавацца ў птушыныя домікі.

Зіма працягваецца, і АПБ заклікае ўсіх мінчан не спыняць карміць птушак. Тыя, хто яшчэ не паспеў павесіць кармушку, але хоча гэта зрабіць, могуць знайсці падказку на сайце арганізацыі.

У моцныя маразы пры -15 °C і ніжэй вадаплаўных птушак варта карміць зернем, аўсянкай або нарэзанай гароднінай, насыпаўшы корм уздоўж берага ля вады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0