Цягнік нумар 1/2 Масква — Мінск фармавання Беларускай чыгункі ў панядзелак, 8 лютага, адправіцца ў першы рэйс з Мінска пасля доўгага перапынку, піша ТАСС.

З Масквы ён адправіцца ў зваротным кірунку ў аўторак, 9 лютага, далей ён будзе курсіраваць праз дзень.

Згодна з графікам, з Мінска цягнік будзе выходзіць у 22:10 і прыбываць на Беларускі вакзал Масквы ў 08:13 наступнага дня. У зваротны рэйс з Масквы ён будзе адпраўляцца ў 22:13 і прыбываць у Мінск на наступны дзень у 07:26. 

Плануецца, што з 9 лютага ў Мінску прыпынак для пасадкі і высадкі пасажыраў будзе рабіць цягнік нумар 30/29 Калінінград — Масква расійскага фармавання з магчымасцю праезду ў ім грамадзян РФ і Беларусі на ўчастку Масква — Мінск — Масква. Цягнік курсіруе штодня, цяпер па тэрыторыі Беларусі ён ідзе транзітам.

Калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі раней прыняла метадычныя рэкамендацыі па прафілактыцы пашырэння каранавіруснай інфекцыі ў цягніках далёкага руху. Асобы, якія прыбываюць у краіны ЕАЭС, павінны мець адмоўны тэст на COVID-19, выдадзены за тры дні да перасячэння мяжы, за выключэннем дзяцей да пяці гадоў. Калі ў пасажыра, які мае даведку, на момант прыбыцця да мяжы будзе зафіксавана падвышаная тэмпература, ён змяшчаецца на ізаляцыю ў інфекцыйны стацыянар.

Пры гэтым пасажыры, якія не будуць мець даведак аб адсутнасці COVID-19 пры ўездзе на тэрыторыю краіны, павінны быць ізаляваныя ў каранцінным стацыянары на тэрмін да двух сутак для правядзення тэставання. Пасля атрымання вынікаў асобы з станоўчым вынікам пераводзяцца ў інфекцыйны стацыянар для лячэння, асобы з адмоўным вынікам ізалююцца дома на 12 сутак, вынікае з рэкамендацый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0