Як высветлілі следчыя, супрацоўнікі ФСБ пачалі сачыць за Кара-Мурзой у яго паездках за тры месяцы да першага атручвання, што здарылася ў маі 2015 года. Разам з ім за гэты час яны наведалі Томск, Санкт-Пецярбург, Калінінград і Казань.
Кара-Мурза адчуў сябе дрэнна праз двое сутак пасля вяртання ў Маскву з Казані.
Таксама цікава, што Кара-Мурза планаваў ляцець на круглы стол у Калінінград 27 мая — і паляцеў бы, калі б 26 мая не быў атручаны. Эфэсбэшнікі, якія ішлі за Уладзімірам ва ўсіх папярэдніх паездках, квіткі ў Калінінград нават не браніравалі.
Пасля шпіталізацыі Кара-Мурзу паставілі дыягназ «сардэчная недастатковасць».
Другі раз Кара-Мурза быў атручаны 2 лютага 2017 года. У расследаванні не прыводзіцца пацверджанняў таго, што ў дні, якія непасрэдна папярэднічалі атручванню, побач з ім знаходзіліся супрацоўнікі ФСБ. Аўтары расследавання, аднак, выказалі здагадку, што яд мог быць нанесены на зубную шчотку.