Гэта быў 1998 год. Некалькі тысяч чалавек выйшлі 2 красавіка на плошчу Якуба Коласа, каб пратэставаць супраць аб’яднання Беларусі і Расіі. Адным з лідараў пратэсту стаў старшыня «Маладога фронту» Павел Севярынец. Яго і затрымалі сярод першых.

Павел Севярынец на той самай акцыі 2 красавіка 1998 года.

Павел Севярынец на той самай акцыі 2 красавіка 1998 года.

Севярынца тады не проста пасадзілі на суткі, а змясцілі ў СІЗА на Валадарку па крымінальнай справе аб зрыве святочнага канцэрту да «дня яднання».

Ганна Севярынец піша, што іх бацькі ў той час якраз адпачывалі ў Сочы. «Першы і адзіны раз выехалі ў санаторый. Мабільнікаў тады не было, інтэрнэту таксама, мы ім тэлефанавалі на рэсэпшн і расказвалі навіны. І тут забіраюць Паўла. Пра тое, што Павел на Валадарцы, мы з сястрой вырашылі ім не казаць. Думалі, пакуль яны там месяц адпачываюць, ён і выйдзе. Першы раз жа, што мы ведалі тады пра Валадарку», — піша Ганна.

Аднак бяда ў сям’ю Севярынцаў не прыйшла адна. У той самы час аперацыю на сэрцы рабілі сыну Дар’і, яшчэ адной сястры Паўла і Ганны. Малы Ванечка, які ад нараджэння быў хворы, аперацыі не перажыў.

«Я была тады маладая і вельмі моцная. І нічога не ведала пра Валадарку, акрамя таго, куды там насіць перадачы. І я зразумела, што трэба выцягнуць Паўла адтуль на Ваніна пахаванне — хаця б каб прад'явіць яго маме ў той момант, калі яна даведаецца пра Ваню, бо дзве навіны адразу яна не вытрымае», — піша Ганна.

І сапраўды, дабіцца вызвалення Паўла на пахаванне пляменніка ў родных атрымалася, яго адпусцілі з СІЗА на тры дні. У выніку сваякі вырашылі, што Паўлу трэба ўцякаць з краіны. «І магчымасці, і сцежкі, і людзі, гатовыя дапамагчы, былі», — кажа Ганна.

Вось толькі не быў улічаны фактар самога Паўла, з’язджаць з краіны ён адмовіўся. І ў патрэбны час вярнуўся на Валадарку, каб працягнуць знаходзіцца ў няволі.

З іншага ракурсу на тую гісторыю зірнула журналістка Любоў Лунёва, якая насіла парукі аб вызваленні Паўла на пахаванне на імя пракурора Савецкага раёна Аляксея Стука (сёння ён намеснік генеральнага пракурора).

«Мы былі знаёмыя са Стукам. Ён паклікаў мяне ў кабінет і сказаў: «Дайце асабіста вы мне слова, што ён нікуды не з'едзе. Мне гэтага будзе дастаткова». Спытала яго: «Чаму менавіта я? Там вунь подпісы пісьменнікаў, мастакоў…». А ён кажа: «Мне трэба ваша слова». І я дала слова. Запытваю: «А калі ён мусіць вярнуцца і як гэта рабіць?» Стук кажа: «Я паняцця не маю сам. У мяне такое ўпершыню. Можа, проста прыйдзе туды і скажа тыпа, што прыйшоў. Я спытаю ў кіраўніцтва», — адпісала Лунёва.

Жонка Паўла Вольга адзначае, што менавіта знаходзячыся ў 1998 годзе на Валадарцы, Севярынец прыйшоў да Бога.

У выніку Паўла Севярынца вызвалілі 2 чэрвеня пасля двух месяцаў знаходжання ў СІЗА. Яго спачатку адправілі да бацькоў у Віцебск. Увосень таго ж года справу цалкам спынілі, бо віну Севярынца даказаць было немагчыма.

На сёння Павел Севярынец зноў знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага. Ён быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 года, праходзіць у якасці абвінавачанага па крымінальным артыкуле 293 «Арганізацыя масавых беспарадкаў». Павел прызнаны палітвязнем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?