У судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітзняволенай Аляксандры Патрасаевай. Дзяўчыну абвінавачваюць па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — удзел у масавых беспарадках. Ёй пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў, паведамляе spring96.org.

Справу вядзе суддзя Вольга Малашэнка. Бок дзяржабвінавачання прадстаўляе памочнік пракурора Фёдар Сініцкі.

Паводле абвінавачвання, Аляксандра Патрасаева ў ноч з 9 на 10 жніўня і ў наступныя дні прыняла актыўны ўдзел у масавых беспарадках, а таксама ў загадзя спланаваных групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады: з групай асоб па папярэдняй змове блакавалі рух транспарту, узводзілі барыкады, знішчалі тратуарную плітку, выкарыстоўвалі петарды, факелы і іншыя прадметы. Таксама абвінавачванне лічыць, што палітзняволеная заклікала людзей да супраціву, сама актыўна аказвала непадпарадкаванне прадстаўнікам улады.

Дзяўчына была затрыманая 16 кастрычніка 2020 года.

Аляксандра сваю віну не прызнала, суду патлумачыла, што інфармацыю даведвалася ў тэлеграм-каналах, у тым ліку і ў прызнаным экстрэмісцкім тэлеграм-канале.

Прачытала, што людзям патрэбна медыцынская дапамога, паехала пасля працы на скрыжаванне вуліц Бяды, Багдановіча, Сурганава, каб аказаць такую дапамогу. На месцы не бачыла супрацоўнікаў міліцыі, патрабаванняў аб спыненні незаконнага мерапрыемства не чула. Бачыла, што там было каля 50 чалавек, якія ўзводзілі барыкады, але не бачыла падпалаў, пагромаў, каб людзі кідалі розныя прадметы.

Абвінавачаная разумела, што мерапрыемства несанкцыянаванае, да яго не далучалася, але засталася, каб аказаць дапамогу пацярпелым.

Кажа, што дарога была перакрытая да яе прыходу, дадому з'ехаць не магла — транспарт не хадзіў і было страшна.

На пытанні абароны Аляксандра патлумачыла, што лозунгаў не выкрыквала, удзелу ў мерапрыемстве не прымала, аказвала медыцынскую дапамогу людзям каля лесвіцы — апрацоўвала раны, давала болесуцішальныя сродкі. Сцвярджае, што супрацоўнікаў міліцыі не бачыла, не чула, каб яны патрабавалі разысціся, увесь час знаходзілася на месцы аказання дапамогі.

Адыходзіла ненадоўга, каб выкінуць мяшок са смеццем. Абвінавачванне сцвярджае, што ў Аляксандры Патрасаевай была металічная палка, на гэта дзяўчына сказала, што падняла яе і выкінула, ніякіх дзеянняў ні з мяшком, ні з палкай не ажыццяўляла.

Іншыя людзі абмяркоўвалі, што рабіць далей, размаўлялі паміж сабой. У яе прысутнасці святлошумавыя гранаты не ўжываліся, барыкады ўжо былі ўзведзены.

Абаронца прасіў далучыць да матэрыялаў справы калектыўны ліст і характарыстыку асобы падабароннай з працы, а таксама гарантыйны ліст. Суд хадайніцтва задаволіў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0