У адным пакеце дакументаў абмяркоўваецца, у прыватнасці, верагодная рэакцыя Расіі на праход эсмінца праз воды паблізу ўзбярэжжа Крыма ў раёне Севастопаля. Гэта месца Расія лічыць сваімі тэрытарыяльнымі водамі, аднак гэта не прызнаецца большасцю дзяржаў свету, у тым ліку Вялікабрытаніяй, яны лічаць гэтыя воды ўкраінскімі.

Іншая частка дакументаў змяшчае абмеркаванне плана магчымай ваеннай прысутнасці Вялікабрытаніі ў Афганістане пасля завяршэння там аперацыі НАТА пад кіраўніцтвам ЗША.

Урад заявіў, што распачатае расследаванне.

Па словах прадстаўніка Мінабароны, адзін з супрацоўнікаў ведамства паведаміў аб прапажы канфідэнцыйных абаронных дакументаў. Ад далейшых каментароў прадстаўнік Мінабароны адмовіўся.

Прамоклы пачак дакументаў, усяго амаль 50 старонак, быў знойдзены за аўтобусным прыпынкам у Кенце раніцай у аўторак, гэта значыць напярэдадні інцыдэнту ў Чорным моры.

Чалавек, які знайшоў яго, пажадаў застацца невядомым. Ён звязаўся з Бі-бі-сі, калі ўсвядоміў далікатны характар зместу знойдзеных папер.

Бі-бі-сі мяркуе, што дакументы, якія змяшчаюць раздрукаваныя электронныя лісты і прэзентацыі PowerPoint, паходзяць з офіса высокапастаўленага чыноўніка Міністэрства абароны.

Дакументы, якія адносяцца да эсмінца «Дэфендэр», паказваюць, што місія, апісаная Мінабароны як «мірны праход праз украінскія тэрытарыяльныя воды», з зачэхленай карабельнай артылерыяй і карабельным верталётам у ангары, была праведзеная ў чаканні, што Расія можа адказаць агрэсіўна.

У сераду больш за 20 расійскіх ваенных самалётаў і два караблі берагавой аховы пераследвалі «Дэфендэр» на адрэзку даўжынёй у 19 км паблізу ўзбярэжжа Крыма.

Як паведаміла расійскае Міністэрства абароны, па курсе брытанскага карабля быў адкрыты папераджальны агонь. Урад Вялікабрытаніі аспрэчыў гэта, сцвярджаючы, што агонь адкрыты не быў.

Як вынікае з выяўленых дакументаў, у панядзелак аперацыю з удзелам «Дэфендэра», якая атрымала назву «Op Ditroite», абмяркоўвалі на найвышэйшым узроўні. У прыватнасці, гаворка ішла аб магчымай рэакцыі Расіі на з'яўленне карабля ля ўзбярэжжа Крыма.

«Што мы разумеем аб магчымым «ветлівым прыёме»?» — задавалася пытаннем прадстаўнік пастаяннага сумеснага штаба — гэта штаб трох брытанскіх службаў, які плануе і кантралюе ўсе ваенныя аперацыі.

У адной з прэзентацый, падрыхтаваных да нарады, адзначалася, што расійскія вайскоўцы могуць перайсці ад абарончай тактыкі да больш рашучых дзеянняў.

У штабе разглядалі два магчымыя маршруты «Дэфендэра» і тры магчымыя варыянты дзеянняў у адказ Расіі — ад «бяспечных і прафесійных» да «небяспечных і непрафесійных». Выбар спынілі на курсе, апісаным як «бяспечны і прафесійны прамы маршрут з Адэсы ў Батумі». У дакументах казалася, што такі варыянт дазволіў бы прадэманстраваць, што Брытанія лічыць воды паблізу Крыма ўкраінскімі.

Пры выбары іншага курсу ўдалося б пазбегнуць канфрантацыі з Расіяй, але ў гэтым выпадку магло скласціся ўражанне, што Брытанія «спалохалася і ўцякла». Гэта дазволіла б Маскве казаць, што Брытанія дэ-факта прызнае крымскія тэрытарыяльныя воды расійскімі.

У Мінабароны Брытаніі заявілі, што плануюць аперацыі акуратна, аналізуючы ўсе магчымыя рызыкі.

З выяўленых у Кенце дакументаў вынікае, што рашэнне накіраваць эсмінец менавіта такім курсам было прынята брытанскім урадам для таго, каб выказаць падтрымку Украіне, нягледзячы на магчымыя рызыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0