Першыя хвіліны на свабодзе. Юлія Слуцкая абдымае сваю дачку Аляксандру, родныя не бачыліся амаль восем месяцаў

Першыя хвіліны на свабодзе. Юлія Слуцкая абдымае сваю дачку Аляксандру, родныя не бачыліся амаль восем месяцаў

Фігурантаў справы «Прэс-клуба» абвінавацілі ва ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і саўдзеле ў злачынстве (ч.2 арт. 243 КК), іх затрымалі ў снежні 2020 года. Па справе праходзілі заснавальніца «Прэс-клуба» Юлія Слуцкая, дырэктар Сяргей Альшэўскі, праграмны дырэктар Ала Шарко, аператар Пётр Слуцкі і два былыя супрацоўнікі БТ, якія пасля выбараў сышлі на знак пратэсту і хацелі заснаваць незалежны тэлеканал — Ксенія Луцкіна і Дзяніс Сакалоўскі.

Ужо ў пачатку студзеня сваякі абвінавачаных пералічылі на рахунак Следчага камітэта амаль 107 тысяч рублёў — такую суму налічылі сілавікі. 

Працэс вызвалення, па інфармацыі «Нашай Нівы», заняў некалькі месяцаў, ужо нават пасля таго, як грошы былі сплачаны, а патрэбныя паказанні атрыманыя. Ініцыятыва Васкрасенскага дачынення да гэтага не мае. Вядома, што Ксенія Луцкіна адмовілася падпісваць прашэнне аб памілаванні, прызнаваць сябе вінаватай і ісці на супрацоўніцтва са следствам. 

Ці маглі памілаваць іншых фігурантаў? Па законе, памілаваць могуць ужо асуджанага чалавека. Гэта значыць, суд павінен вынесці абвінаваўчы прысуд, які яшчэ павінен уступіць у законную сілу (арт. 96 КК). І толькі пасля гэтага ўжо асуджаны можа пісаць прашэнне аб памілаванні. Заяву разглядае адмысловая камісія пры Адміністрацыі прэзідэнта. 

Ці ёсць іншыя спосабы выпусціць чалавека да суда? Ёсць, напрыклад, вызваленне ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з добраахвотнай кампенсацыяй нанесенай шкоды, выплатай даходу, атрыманага злачынным шляхам (арт. 88-1 КПК). Гаворка ідзе пра злачынствы, дзе нанесены ўрон дзяржаўнай уласнасці ці ўласнасці юрасобы з дзяржаўнай доляй, а таксама пра ўрон дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам. Але злачынства не павінна спалучацца з пасягальніцтвам на жыццё і здароўе чалавека. За ўхіленне ад сплаты падаткаў вызваліць такім чынам можна. Але ёсць некалькі абавязковых ўмоў:

  • кампенсаваць налічаны ўрон;
  • пералічыць крымінальна-прававую кампенсацыю (за эканамічныя злачынствы — 100% ад злачыннага дахода, па іншых злачынствах — 200%);
  • выканаць іншыя ўмовы вызвалення (вызначае следства ў адпаведнасці з законам).

Пасля вызвалення ад крымінальнай адказнасці чалавек проста выходзіць на свабоду, ніякіх дадатковых абмежаванняў няма, судзіць яго ўжо не будуць. 

Такім чынам, судзіць па справе «Прэс-клуба» будуць Ксенію Луцкіну і Дзяніса Сакалоўскага. Вызваленыя фігуранты могуць быць дапытаныя на працэсе ўжо як сведкі. 

Чытайце таксама:

Гісторыя Ксеніі Луцкінай, якая 15 год працавала на БТ, а цяпер апынулася ў СІЗА за спробу стварыць альтэрнатыўны канал

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0