Прыпыненне крэдытавання фізічных асоб у замежнай валюце дазволіць знізіць рызыкі як для банкаў (у выпадку несвоечасовага пагашэння або невяртання крэдыту), так і для насельніцтва, лічаць у Нацыянальным банку Беларусі.

Як раней паведамлялася, выдача крэдытаў у замежнай валюце фізічным асобам, за выключэннем індывідуальных прадпрымальнікаў, прыпыняецца да 1 студзеня 2011 года. Такая норма ўводзіцца пастановай праўлення Нацбанка ад 14 ліпеня 2009 года № 105 «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Інструкцыю аб парадку давання (размяшчэння) банкамі грашовых сродкаў у форме крэдыту і іх вяртання ад 30 снежня 2003 г. № 226».

«Улічваючы, што грамадзяне нашай краіны атрымліваюць заработную плату ў беларускіх рублях, а таксама магчымыя ваганні ўзаемных курсаў замежных валют на аддаленую перспектыву,

крэдытаванне насельніцтва ў замежнай валюце ўтрымлівае высокую валютную рызыку і рызыку непагашэння такіх крэдытаў у выпадку павелічэння сум плацяжоў па іх да памераў, якія перавышаюць даходы крэдытаатрымальніка», — гаворыцца ў паведамленні праўлення інфармацыі Нацбанка.

Акрамя таго, Нацбанк лічыць адным з найважнейшых кірункаў працы па дэдаларызацыі эканомікі адмову ад разлікаў у замежнай валюце паміж рэзідэнтамі на тэрыторыі Беларусі. «Гэта будзе спрыяць абароне і забеспячэнню ўстойлівасці беларускага рубля, у тым ліку яго пакупной здольнасці і курса ў адносінах да замежных валют, а таксама ўзмацненню даверу да нацыянальнай валюты», — лічаць у галоўным банку краіны.

Улічваючы як станоўчыя, так і адмоўныя бакі ўвядзення абмежаванняў на выкарыстанне замежнай валюты пры крэдытаванні фізічных асоб, Нацбанк тлумачыць, што гэтая норма мае часовы характар, будзе дзейнічаць да моманту стабілізацыі сітуацыі ў эканоміцы краіны.

Часовая забарона на выдачу фізічным асобам, за выключэннем індывідуальных прадпрымальнікаў, валютных крэдытаў набывае моц пасля афіцыйнага апублікавання пастановы Нацбанка № 105 ад 14 ліпеня.

Дзеянне гэтай нормы, тлумачыць Нацбанк, не распаўсюджваецца на вяртанне (пагашэнне) крэдытаў, выдзеленых фізічным асобам, за выключэннем індывідуальных прадпрымальнікаў, у замежнай валюце да ўваходжання яе ў сілу.

Пры гэтым абмежаванні пры овердрафтным крэдытаванні набудуць моц праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання пастановы. Забарона распаўсюджваецца на часткі (траншы) крэдытаў пры овердрафтным крэдытаванні па раней складзеных крэдытных дагаворах і часткі (траншы) крэдытаў пры крэдытаванні па крэдытных лініях па раней складзеных крэдытных дагаворах.

Дзмітры Ярмак, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0