Atlantica, Taboo, West Records, 2009.
Праект вярнуўся пасля двухгадовага перапынку ў найлепшым выглядзе. Atlantica адмовілася ад малаўцямных спробаў зрабіць беларускі «модэрн токінг» у выглядзе дуэту старэючых хлопчыкаў ці змяшанае поп‑трыа. І ў выніку іх матэрыял стаў слухабельным.
Цяпер калі і прыцягваць за вушы якія аналагі, дык толькі Depeche Mode часоў «Music For The Masses» — асабліва цень Гэхана легла на «Change», «Princess Sweet» і «It’s Not About Us».
Апошнюю дык наогул можна назваць песняю песняў айчыннага сынты‑попу, яна гарманічна можа гучаць у эфіры хоць якой эфэмкі свету. Рэдкая з’ява: падчас праслухоўвання дыску з катэгорыі «беларуская папулярная музыка» адчуваеш гонар: густ і стыль навідавоку.
З асаблівых меладычных прыгажосцяў — загалоўная песня (вакал ды фартэпіяна) і «Ave Maria» акапэла (арыгінальная версія таксама цуд).
Atlantica запісала выдатны альбом. Калі гэты матэрыял гучыць нагэтулькі ж трапна ўжывую — то нізкі паклон.