Пра гэта паведаміла старшыня беларускага аддзялення ГА «Міжнародны жаночы саюз «Адзінства», былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Марыя Худая 24 ліпеня на пасяджэнні круглага стала ў Мінску.
Паводле яе слоў, самая высокая за ўвесь час існавання краіны колькасць жыхароў была ў 1991—1993 гадах — 10 млн. 320 тысяч.
З 1993 года колькасць насельніцтва стала рэзка зніжацца. Нягледзячы на ўсе меры, што прымаюцца, гэтая тэндэнцыя захоўваецца, заявіла старшыня жаночага саюза.
Рэзкае скарачэнне колькасці насельніцтва з 1993 года былы дэпутат парламента тлумачыць «складаным аднаўленчым перыядам пасля развалу СССР». Паводле яе слоў, з‑за неабходнасці прыстасоўвацца да змен і ў сувязі са «стратай маральных арыенціраў» людзі менш нараджалі, пры гэтым з‑за старэння насельніцтва павялічвалася смяротнасць.
Паводле слоў Худой, апошнімі гадамі назіраецца паступовы рост нараджальнасці. Часткова, лічыць яна, гэта звязана з мерамі з боку дзяржавы па падтрымцы сям’і, такімі, напрыклад, як выдзяленне льготных крэдытаў на жыллё маладым сем’ям. Аднак пакуль рост нараджальнасці не перакрывае высокія паказчыкі смяротнасці. Так, у 2008 годзе нарадзілася 107 тыс. беларусаў, памерла — 134 тыс. Прырост за кошт міграцыі склаў больш чым 8 тыс. чалавек.
У краіне неабходна ўзмацніць прапаганду сямейных каштоўнасцяў і здаровага ладу жыцця, у тым ліку сярод школьнікаў, лічыць Худая. Прычым да гэтай працы неабходна прыцягваць грамадскія арганізацыі і царкву.