«Я тут, бо я неабыякавы чалавек, — заявіла Вольга Залатар. — Я тут, бо жыву па божым запавеце.
Я тут, бо я — мама, якая хоча абараніць сваіх дзяцей. Як мама і каталічка, я стаю на пазіцыі чалавечай годнасці і духоўных каштоўнасцяў. Усе мае дзеянні і выказванні падрыхтаваныя з любоўю да людзей і з нянавісцю да хлусні і гвалту.
Мы ўсе — дзеці божыя. Кожны мае патэнцыял зрабіць гэты свет падобным да валадарства божага, дзе пануе любоў. У валадарстве божым няма нянавісці, зайздрасці, хлусні, помсты і страху.
Маё сэрца рвецца на часткі, бо градус нянавісці расце, павялічваецца колькасць болю і крыўдаў. Неабходнае пакаянне і ўзаемнае прабачэнне. Толькі так магчыма спыніць грамадска-палітычны крызіс у краіне.
У матэрыялах справы маім дзеянням нададзены сэнс, які я не мела на ўвазе. Звычайныя чалавечыя ўчынкі, рэакцыі і пачуцці крыміналізаваныя.
У матэрыялах справы ёсць фота плаката, на якім напісана «Мір. Любоў. Свабода». І я падпісваюся пад кожным словам. Я хачу міра для сваёй роднай краіны.
Я хачу, каб у маёй краіне панавала любоў да Бога і людзей. Я хачу, каб кожны чалавек меў свабоду выбару… Хачу скончыць словамі Уладзіміра Караткевіча: «На Беларусі Бог жыве». Жыве Бог! Жыве вечна».
Сацыяльна-палітычны хаос і плясканне ў далоні. Што аказалася ў абвінавачванні шматдзетнай маці Вольгі Залатар
Прысуд па справе Вольгі Залатар будзе агучаны 3 снежня ў 10:00 у Мінскім гарадскім судзе.