Фота: depositphotos.com

Фота: depositphotos.com

З сакавіка 2020 года Блэр Боўман выходзіць са свайго дома ў Эдынбургу толькі на самотныя шпацыры і ў краму.

Да пандэміі ён ездзіў па ўсім свеце па працы — цяпер жа ўсе справы вядзе выключна анлайн. 

«Рызыкі цяпер проста занадта высокія для мяне», — прызнаецца Блэр.

Ён ад пачатку сачыў за даследаваннямі, звязанымі са стратай нюху, і мог сабе ўявіць, чым гэта пагражае яму як эксперту па віскі. А даследаванні з часам выявілі, што для некаторых з тых, хто перанес кавід, мяса пахне палівам. Водар кавы здаецца настолькі брыдкім, што людзей ванітуе. Элітны віскі пахне проста паветрам.

Каб не ставіць пад удар усю сваю кар’еру, Боўман адхіляе сотні прапановаў паўдзельнічаць у афлайнавых мерапрыемствах ці дэгустацыях. Але пры гэтым яго бізнэс акурат цяпер квітнее, бо ён праводзіць шмат мерапрыемстваў праз Zoom.

Калі Шатландыя закрылася на першы лакдаўн, у Блэра былі забраніраваныя квіткі на мерапрыемствы ў Нарвегіі, Японіі, Макаў, Гане, ЗША, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і Кітаі. Яго працай было знаходзіць цэбры старога і рэдкага віскі для прыватных кліентаў і ладзіць дэгустацыйныя сэсіі. Боўман скасаваў усе дамоўленасці вясной 2020 года. Але нават калі Шатландыя пачала выходзіць з лакдаўна, Боўман вырашыў застацца ў самаізаляцыі: «Я проста не магу працаваць як раней, і не планую гэтага рабіць у агляднай будучыні, ажно пакуль навука не дасць ясных адказаў пра ўсе рызыкі».

«Я выходжу ў горад толькі раз на тыдзень, забраць пакупкі з супермаркета, і тое застаюся на адлегласці, на паркоўцы: супрацоўнікі ўжо добра ведаюць мяне, таму пакідаюць цялежку з прадуктамі на паркоўцы і сыходзяць. І толькі калі яны сыдуць, я забіраю прадукты і з’язджаю», — расказвае Блэр пра свае будні.

Ужо дваццаць месяцаў Блэр не ходзіць у кавярні ці рэстараны: ён кажа, што адчуваў бы сябе там проста неверагодна няўтульна, улічваючы ўсе рызыкі.

Блэр расказаў і пра аднаго са сваіх калег, таго самага, што чуе толькі пах чыстага паветра, калі п’е віскі Islay.

«Калі вы каштавалі гэты віскі, Islay, вы ведаеце, што ён мусіць пахнуць торфам, дымам і лекамі», — расказвае Блэр. Яго прыгаломшвае сама думка, што можна аднойчы панюхаць віскі і не адчуць ніякага водару.

У медыцыне феномен скажонага адчування пахаў называецца парасміяй. Прыкладна 90% людзей, якія пераставалі адчуваць пахі падчас кавіду, за тыдзень ці два аднаўлялі свой нюх. Астатнія ж некалькі месяцаў наогул не адчувалі нічога, а некаторыя пачыналі ўспрымаць водары зусім па-іншаму, скажона. І гэты скажоны нюх можа застацца з імі назаўсёды.

Гэта не так і лёгка сабе ўявіць. Знаёмыя водары — кавы, свежага хлеба, шкварак — могуць раптам падацца страшна брыдкімі і выклікаць агіду. А ўсё гэта звязана з тым, што органы нюху няправільна счытваюць сігналы. З гэтым неверагодна цяжка жыць.

Мы прымаем нюх як належнае і не цэнім яго як мусім цаніць, кажа Сара Оўклі, дырэктарка дабрачыннай арганізацыі AbScent. Пры гэтым людзі, якія губляюць нюх, нашмат больш схільныя да дэпрэсіі і перыядаў кепскага настрою.

«Урэшце, — дадае Оўтс, — нюх закранае ўсе сферы нашага жыцця. Ён наш галоўны памочнік у навігацыі па гэтым свеце».

Як не хвалявацца і не выгараць. Парады псіхолага прадуктыўнасці, які выкладае амерыканскім вайскоўцам

Як змагацца з залежнасцю падлеткаў ад відэагульняў? Раяць самі падлеткі

Як спыніць выпадзенне валасоў пасля кавіду? 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0