На тэрыторыі Мінскай вобласці 17 жніўня ўводзіцца забарона на продаж піва ў кіёсках і павільёнах, паведаміў БелаПАН старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

Паводле яго слоў, адпаведнае рашэнне было прынята Мінскім аблвыканкамам 19 мая. У сувязі з увядзеннем забароны РГА «Перспектыва» накіравала на імя прэзідэнта зварот з просьбай адмяніць рашэнне Мінаблвыканкама.

«На падставе ўжо атрыманага вопыту можна ўпэўнена сказаць, што поўная забарона продажу піва і слабаалкагольных напояў у ларках і кіёсках прывядзе да шэрагу негатыўных наступстваў», — гаворыцца ў паведамленні.

У прыватнасці, як лічаць у РГА «Перспектыва», забарона стане прычынай краху «дробнарознічнай гандлёвай сеткі ў невялікіх гарадах і пасёлках», а таксама прывядзе да «павелічэння беспрацоўя сярод самых сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва: жанчын перадпенсійнага ўзросту, маці-адзіночак і ўчарашніх выпускнікоў, якія не маюць рабочых спецыяльнасцей». Сярод прадаўцоў кіёскаў «гэты кантынгент складае практычна 100%».

«Такіх толькі па Маладзечне застанецца без працы, па самых сціплых падліках, каля трохсот чалавек, а ва ўмовах краіны гэтая лічба можа аказацца проста велізарнай, — гаворыцца ў паведамленні. — Таму далейшы лёс гэтых людзей будзе ляжаць на сумленні мясцовых уладаў».

РГА «Перспектыва» просіць прэзідэнта адмяніць «дыскрымінацыйнае, антырыначнае рашэнне Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ад 19 мая № 479 «Аб парадку рэалізацыі піва і слабаалкагольных напояў», якое «перашкаджае развіццю малога прадпрымальніцтва і наносіць урон эканамічнай бяспецы нашай краіны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?