7 жніўня (пятніца) матчам «Вольфсбург» – «Штутгарт» стартаваў 47-ы чэмпіянат нямецкай бундэслігі.
Дзеючы чэмпіён Нямеччыны – «Вольфсбург» (галоўны трэнер Армін Фей) – перамог з лікам 2:0.
На 71-й хвіліне вызначыўся басніец Звездан Місімавіч, а на 82-й – найлепшы бамбардзір мінулага сезона бразільскі форвард «ваўкоў» Графітэ.
У стартавым складзе «Штутгарта» (галоўны трэнер Маркус Бабель) выйшаў беларускі паўабаронца Аляксандр Глеб. Ён быў заменены на 56-й хвіліне на чэха Яна Шымака. Гэта была першая замена ў складзе каманды і наагул у матчы. Глядзеўся Глеб блякла.
Выйшаў у стартавым складзе швабскага клуба і Павел Паграбняк – экс-гулец «Зеніта». Паграбняк адгуляў увесь матч.
Астатнія матчы першага туру будуць згуляныя ў суботу і нядзелю.
***
Нагадаем, што Глеб перайшоў у клуб з іспанскай «Барселоны» на мінулым тыдні. За пяціразовага чэмпіёна Нямеччыны «Штутгарт» (1950, 1952, 1984, 1992, 2007) Глеб выступаў з 2000 па 2005 год, адкуль сышоў у «Арсенал».
***
Наступны матч «Штутгарт» правядзе дома 15 жніўня з навічком «Фрайбургам».
У пятніцу вызначыўся супернік «Штутгарта» ў плей-оф Лігі чэмпіёнаў, гэта румынская «Тымішаара». Першы матч – у Румыніі.