Людзі праходзяць навучанне па абыходжанні са зброяй на ўскрайку Львова, 7 сакавіка 2022 г. Фота: АР, Бернат Арманге

Людзі праходзяць навучанне па абыходжанні са зброяй на ўскрайку Львова, 7 сакавіка 2022 г. Фота: АР, Бернат Арманге

Раней Аліна працавала менеджарам у Мінску, але ў кастрычніку 2021 года пераехала ў Кіеў.

«Мне прыйшлося пераехаць, каб працягнуць займацца сваім праектам пра сэксуальную адукацыю. У Беларусі апошнім часам было складана рэалізоўваць гэты праект, а потым увогуле небяспечна. Ужо тады былі чуткі, што будзе закон, па якім незарэгістраваныя арганізацыі не змогуць працаваць. Мая ініцыятыва такой і з’яўляецца», — кажа яна.

«Цяпер я раблю маскіровачныя сеткі для вайскоўцаў»

Калі пачалася вайна, Аліна вырашыла паехаць у Львоў і пачаць там валанцёрыць, нягледзячы на абставіны. 

«Магчымасць з’ехаць у Польшчу ёсць і цяпер. Але злавіла сябе на думцы, што я стамілася ўжо пераязджаць. Трэба браць адказнасць за ўсё, што адбываецца, і на сябе ў тым ліку. Цяпер я раблю маскіровачныя сеткі для вайскоўцаў. Але каб патрапіць на такую працу, трэба прайсці апытанне, якое паказвае, што ты не дыверсант», — кажа Аліна. 

Па словах дзяўчыны, рабіць сетку нескладана.

«У мяне адразу стала атрымлівацца, у маіх сяброў таксама, — кажа Аліна. — У нас ёсць план, колькі нам трэба зрабіць за дзень. Былі моманты, калі мы яго перавыконвалі. Напрыклад, трэба 24, а мы рабілі 32.

Ёсць яшчэ традыцыя. Дзяўчаты-валанцёркі падчас таго, як мы робім сеткі, кожную гадзіну знаходзяць нейкую добрую навіну і чытаюць яе. Пасля гэтага ўсе крычаць «Слава Украіне». Гэта падбадзёрвае». 

Таксама Аліна паспела паваланцёрыць на вакзале. Яна гатавала ежу для людзей, якія прыязджалі ў Львоў, і тых, хто там ужо не першыя суткі. 

Эвакуацыя мірных жыхароў з Ірпеня, 9 сакавіка 2022 г. Фота: АР: Вадзім Гірда

Эвакуацыя мірных жыхароў з Ірпеня, 9 сакавіка 2022 г. Фота: АР: Вадзім Гірда

«У мяне адной за шесць гадзін атрымалася зрабіць 150 бутэрбродаў. Яны былі і з каўбасой, і з паштэтам, і са шпротамі. Напрыклад, гляджу, якія цягнікі і ў які час прыбываюць у Львоў, і пад іх раблю ежу. Людзі, якія едуць з Запарожжа ці Харкава, вельмі галодныя, таму што ў гэтых гарадах ёсць праблемы з прадуктамі. Увогуле валанцёраў у нас шмат, яны змяняюцца, але звычайна іх усё роўна не хапае», — кажа яна.

«Маці казала, што такіх, як я, трэба садзіць у турму»

Маці Аліны да вайны ва Украіне ставіцца інакш. 

«Падаецца, што гэтае непаразуменне ў нас было заўсёды. Да 2020 года я проста гэтага не заўважала, таму што была апалітычнай. Ніколі не слухала, што мае бацькі кажуць пра палітіку. Аказалася, што яны былі і ёсць ябацькамі. Нават да 2020.

Пасля выбараў гэты канфлікт стаў вельмі адчувальным і непрыемным. З маці ў нас цяпер праз палітыку вельмі складаныя адносіны. Я стараюся на паведамленні адказваць так, каб яна проста ведала, што я жывая. Пішу, напрыклад, «вітаю» ці «ўсё нармальна». Па тэлефоне не размаўляем, таму што пасля двух пытанняў ужо пачынаецца нешта канфліктнае. Маці лічыць, што я памыляюся, што мяне нехта ў чымсьці выкарыстоўвае і што мне прамылі мазгі. На жаль, цяпер у нас з ёй няма тэмаў, на якія можна было б паразмаўляць», — кажа Аліна. 

Скрыншоты перапіскі дзяўчыны з маці

Скрыншоты перапіскі дзяўчыны з маці

Пасля выбараў Аліна актыўна выходзіла на пратэсты. 

«Маці казала, што такіх, як я, трэба садзіць у турму, а бацька, што я хаджу на мітынгі за булачкі, за грошы, — кажа дзяўчына. — Яны вераць ва ўсё, што паказваюць па тэлевізары. І наконт Украіны таксама.

Думаюць, што тут нацысты і бандэраўцы, якія знішчаюць краіну. І што Пуцін сапраўды займаецца спецаперацыяй, а не забівае людзей. Маці да гэтага не ведае, што я валанцёр. Яна гэтага не зразумее, і я нават не буду гэта казаць. Памятаю, што яшчэ калі я была ў Беларусі, маці казала, што, калі б яна даведалася, дзе жывуць гэтыя пратэстуючыя людзі, то здала б іх у КДБ.

Звычайна гэта ўсё было на словах, але я старалася спачатку схадзіць на мітынг, а толькі потым ёй расказаць, што я была. Мне так было спакайней.

На суткі мяне не садзілі, некалькі разоў толькі вялі да буса і адпускалі. Маці пра затрыманні я не казала: для мяне страшней было з ёй пагутарыць, чым сесці ў турму. Нават калі б я кудысьці трапіла, я б да апошняга рабіла ўсё, каб яна не ведала». 

«Брат у 2020-м падтрымліваў пратэсты, а цяпер лічыць, што Пуцін мае права ўводзіць войскі»

У Аліны ёсць тры родныя браты і дзве сястры. З імі яна кантактуе, але гэтыя стасункі таксама выглядаюць не найлепшым чынам.

«Мая сястра, калі пагаворыць з маці, потым можа нешта крыўднае мне сказаць. Але я ёй тлумачу, чаму я гэта раблю і чаму для мяне важна, яна разумее.

З братам гісторыя складанейшая. Ён лічыць, што ёсць нейкая пагроза ад НАТА і што Пуцін мае права ўводзіць войскі. Я ўсё гэта слухала і думала: вельмі шкада, што так, бо ў 2020 годзе ён падтрымліваў пратэсты і галасаваў за Ціханоўскую.

Нас у сям’і шасцёра. Мы ўтраіх у 2020 годзе прагаласавалі за Ціханоўскую, а адна мая сястра супраць усіх. Астатнім яшчэ няма 18 гадоў», — кажа дзяўчына. 

Аліна лічыць, што яна мае іншы пункт гледжання, таму што бачыць, што адбываецца вакол. Шмат чаго з гэтага ёй не падабаецца.

«Нельга ўжо заплюшчваць вочы, трэба браць на сябе адказнасць. Я перайшла ад думак да дзеянняў. Так атрымалася, што я цяпер дапамагаю, таму што бачу ў гэтым сэнс. Мне здаецца, што лепшага для сябе я не знайду», — кажа яна. 

Калі дзяўчына ехала ва Украіну, яна сказала бацькам, што збіраецца на курсы па фатаграфіі на некалькі месяцаў. Насамрэч, тады Аліна вырашыла пераехаць у Кіеў.

«Прыйшлося крыху падмануць, каб усё добра было. Пасля ўжо, калі яны даведаліся, маці стала пісаць мне, каб я вярталася дадому. У тых умовах, якія ёсць цяпер, я вяртацца не збіраюся. Я адкрыта выказваю свае думкі, і ў Беларусі для мяне небяспечна», — кажа яна.

«Яны баяцца, што калі «скончыцца» Лукашэнка, то далей нічога не будзе»

Дзяўчына мяркуе, што для яе бацькоў іх пазіцыя з’яўляецца апорай, за якую яны могуць трымацца.

«Яны жылі з гэтым доўгі час. І цяпер ім вельмі цяжка паверыць у праўду. Калі яны даведаюцца, што ва Украіне сапраўды вайна, што ў Беларусі ў 2020 годзе адбываўся жах, то яны проста згубяць апору, застануцца ў невядомасці. Яны баяцца, што калі «скончыцца» Лукашэнка, то далей нічога не будзе. Не разумеюць, што штосьці новае можа быць добрым.

Я паўтара года спрабавала іх пераканаць і зразумела, што ў мяне не атрымалася. Маці адказвала роўна тымі ж словамі, якія выкарыстоўваюць у тэлевізары. Мае словы да яе не даходзілі.

Апошні раз мы з маці размаўлялі ў першы дзень вайны. Ці баіцца яна за мяне? Я не ўпэўненая, што яна мне паверыла, што тут сапраўдная вайна. Наколькі яна разумее, у бяспецы я ці не — я не ведаю. Я вырашыла берагчы сябе і звяла размовы пра палітыку да мінімуму. Атрымалася, што ў нас увогуле знікла ўся камунікацыя», — кажа Аліна. 

У такой сітуацыі з бацькамі дзяўчына жыве ўжо два гады. За гэты час канфлікт для яе стаў звыклым. 

«Я цяпер спрабую маці расказваць пра ўсё, што адбываецца, але не заўсёды мне важна пачуць, што яна думае. У гэтым усім падтрымлівае мяне нейкая мая ўнутраная моц і людзі, якія вакол. Мне цяпер пішуць шмат словаў падтрымкі. Кажуць, што ганарацца мной. Я не разумею чаму так, бо для гэтага часу і пры гэтых абставінах тое, што я раблю, гэта нармальна.

Нічога дзіўнага, сверхскладанага я не выконваю. Адчуваю нейкі разрыў паміж тым, як я гэта бачу, і як некаторыя іншыя. Мне падаецца, што звычайныя рэчы чамусьці цяпер усе ідэалізуюць. А насамрэч, такімі і трэба быць: мець адказанасць, рабіць, выбіраць», — кажа Аліна.

Чытайце таксама:

«Мы дакладна разумелі, што не выжывем». Беларускі добраахвотнік Дзяніс «Кіт» расказаў пра пекла пад Бучай

«Многія казалі: гэта не мая вайна. Але мужчыны мусяць быць тут». Гісторыі беларусаў, якія застаюцца ва Украіне

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0