Пра гэта 10 сакавіка паведаміў старшыня Корасценьскай грамады Уладзімір Маскаленка.
Трагедыя адбылася на тэрыторыі былога малаказавода. У дванаццаць гадзін ночы пачаўся моцны абстрэл.
Па словах Маскаленкі, горад бамбілі расійскія самалёты, якія вылецелі з беларускіх аэрадромаў.
«Вынікі абстрэлу з самалётаў вы можаце ўбачыць: фактычна разбураныя ўсе памяшканні. На жаль, ёсць загінулы, два чалавекі аказаліся ў бальніцы з вельмі значнымі апёкамі, якія не сумяшчальныя з жыццём, таму фактычна трое загінулых людзей. Два з іх — беларусы, якія машынамі стаялі тут, папрасіліся на перыяд, пакуль будуць выязджаць. І яны не ведалі, што якраз з беларускіх аэрадромаў вылецяць расійскія самалёты і будуць бамбіць горад Корасцень», — рассказаў Уладзімір Маскаленка.
Па інфармацыі «НН», двое пацярпелых у Корасцені беларусаў ранкам яшчэ былі жывыя, у мясцовай лякарні. Заяву аб смерці кіраўнік горада зрабіў з улікам іх стану і таго, што іх, імаверна, не ўдасца ўратаваць.
Іншыя беларускія дальнабойнікі, якія цяпер знаходзяцца ў горадзе, неахвотна размаўляюць на тэму здарэння: «Вось навошта вы пытаецеся?»