Ілюстрацыйны здымак. Фота: АР

Ілюстрацыйны здымак. Фота: АР

«Пакуль быў на бальнічным, выехаў з краіны абыходнымі шляхамі»

«З’ехаў я з Беларусі, таму што на мяне збіраліся завесці крымінальную справу. Мяне затрымалі на маршы ў лістападзе 2020 года. Тады я атрымаў 12 сутак, быў на Акрэсціна і ў Жодзіна. Далі пастанову, што я з'яўляюся падазраваным па артыкуле 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Узялі падпіску аб нявыездзе, з сутак выпусцілі. Пасля я быў на бальнічным, хварэў на кавід. За гэты час і выехаў з краіны абыходнымі шляхамі. У тэрміновым парадку прадаў долю ў фірме, здаў у арэнду сваю кватэру», — кажа Аляксандр. 

У Кіеве ён уладкаваўся на працу кіраўніком аддзела ў івэнт-агенцтва. Яшчэ ў Мінску пачаў рассылаць рэзюмэ па ўкраінскіх кампаніях. 

«Было вельмі шмат водгукаў, слоў падтрымкі ад украінцаў. Так што я выязджаў з Мінска ўжо з нейкім разуменнем аб далейшай будучыні. Ехаў адзін, у Беларусі засталіся маці і сястра. Усю сітуацыю з пераездам я ўспрыняў нармальна, нават пазітыўна. У Кіеве шмат сяброў, якія дапамагалі адаптавацца і не адчуваць сябе самотным», — дзеліцца ён. 

«Сядзець на адным месцы роўна, пры тым што я здаровы мужчына, не маю маральнага права»

24 лютага а пятай гадзіне раніцы мужчына прачнуўся ад выбуху. 

«Адразу не зразумеў, што гэта. Думаў, што сон. А ці могуць сніцца гукі? — успамінае ён. — Паведамленне ў працоўным чаце ад дырэктара ўсё расставіла на свае месцы. І пасля адразу ж паляцелі мільгаць стужкі навін. Першыя гадзіны ўсведамлення прайшлі ў мяне без панікі. Быў халодны разлік: медыкаменты, наяўныя грошы, рэчы першай неабходнасці і ежа. У Кіеве мы здымаем трохпакаёвую кватэру на левым беразе. Мае суседзі — хлопец з Беларусі і дзяўчына, якая прыехала з-пад Палтавы. Мы адразу сталі камандай, дзе былі размеркаваныя задачы па падрыхтоўцы». 

Фота: AP

Фота: AP

Аляксандр разам са знаёмымі сабраў усё неабходнае, заклеіў вокны і праманіторыў бліжэйшыя бамбасховішчы.

«Потым мой сусед паехаў за мяжу, суседка да бацькоў у Палтаву, а я да сяброў пад Кіеў. Яны там жылі ў доме. Там мы пазнаёміліся з мясцовай тэрытарыяльнай абаронай. Нас дадалі ў спісы, каб перадаць у штаб, што мы будзем разам з гэтай групай на ахове вёскі.

Сядзець на адным месцы роўна, пры тым што я здаровы мужчына, я не маю маральнага права. Я хачу быць максімальна эфектыўным.

Думкі з'язджаць з Украіны нават не было. Я цвёрда вырашыў, што застаюся ў Кіеве, бо закаханы ў гэты горад, краіну, людзей і ў атмасферу свабоды. Яе я адчуваў штохвілінна пасля таго, як пераехаў з Мінска. Канечне, шмат нашых сяброў адразу з'ехалі ў заходнюю Украіну, таму што яны ўжо абзавяліся сем'ямі і ім было неабходна гарантаваць бяспеку сваіх дзяцей. Я іх разумею».

«Рускія расстаўлялі пазнакі, рабілі тайнікі, якія мы знаходзілі»

У тэрытарыяльнай абароне Аляксандр патрулюе ўчасткі і інфармуе штаб аб праязджаючых машынах і падазроных рэчах, якія адбываюцца. Гэта займае некалькі гадзін на дзень.

«Патрулюем і днём, і ноччу, — кажа ён. — У астатні час гатую ежу. Сек яшчэ бабулі дровы. Яна побач жыла, пазнаёміліся, разгаварыліся. Бабуля адразу запрасіла паесці, а я вырашыў ёй дапамагчы. Потым яна сама клікала секчы дровы, але падманвала. Дровы ў яе ўжо былі нарыхтаваныя, запрашала так, каб мы паелі. Так і пасябравалі».

З пачатку вайны Аляксандр вылічыў не адну пазіцыю дыверсійна-разведвальных груп ворага. У іх раёне такіх было шмат. 

Фота: AP

Фота: AP

«Рускія расстаўлялі пазнакі, рабілі тайнікі, якія мы знаходзілі. Пастаянна былі чутныя нашы стрэлы па пазіцыях саперніка, аўтаматныя чэргі і сігнальныя ракеты ворага. Непадалёк ад нашай вёскі збілі расійскі знішчальнік. На чацвёрты дзень я ўжо прывык да ўсіх выбухаў. Нават пачаў разбірацца, дзе «Град», дзе танкі і на якой адлегласці», — кажа ён. 

«Калі на тэрыторыю Украіны пачнуць заходзіць беларускія войскі, нашы легіянеры будуць страляць»

Ваеннага досведу і практыкі службы ў войску ў Аляксандра няма. Ён падаў заяўку на ўступленне ў батальён Кастуся Каліноўскага, каб дапамагаць украінцам. 

«Ёсць толькі вопыт у страйкболе і нейкія прымітыўныя навыкі абыходжання са зброяй. Ад гэтага жаданне ўступіць у шэрагі беларускага батальёна меншым не становіцца. Там ёсць курс навучання. Прайду яго і буду максімальна карысным у знішчэнні рускіх на украінскай зямлі.

Дарэчы, у стаўленні да беларусаў я нічога на свой адрас негатыўнага не чуў, наадварот усе з разуменнем і з павагай ставяцца да нашай пазіцыі. Украінцы расказваюць, што ў Беларусі ў іх шмат добрых сяброў». 

Родныя Аляксандра дагэтуль не ведаюць, што ён знаходзіцца ў тэрытарыяльнай абароне. 

«Не думаю, што цяпер іх трэба акунаць у атмасферу хвалявання, — разважае мужчына. — Калісьці я ім пра гэта раскажу. Упэўнены, што яны мяне падтрымаюць, як і маю пазіцыю ў 2020 годзе. На тое, што я вырашыў застацца ва Украіне, адрэагавалі нармальна, але маці насцярожылася.

Калі на тэрыторыю Украіны пачнуць заходзіць беларускія войскі, нашы легіянеры возьмуць у рукі зброю і будуць страляць. Калі яны пяройдуць мяжу і не здадуцца, то стануць такімі ж, як рускія салдаты, якія тут ваююць. Мы абавязкова пераможам і будзем свабоднымі».

Смяротна паранены, застаўся прыкрываць сваіх. Хто такі беларус «Тур», забіты пад Кіевам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0