«У нас няма сувязі, у нас ні рацый няма, нічога», — расказвае чарговы ўзяты ў палон расейскі салдат на адным са шматлікіх відэа, апублікаваных украінскім бокам з пачатку вайны з Расеяй.

«Тут сувязь не працуе, ні на каго выйсьці ня можам», — паведамляе прымацаваны да расейскай арміі афіцэр ФСБ свайму калегу па той бок мяжы.

Прайшло ўсяго тры тыдні ваенных дзеяньняў, а інтэрнэт ужо запоўнены фатаздымкамі танных кітайскіх рацый, якімі вымушаныя карыстацца расейскія вайскоўцы замест прафэсійнай тэхнікі, перахопамі размоваў расейскіх афіцэраў, якім даводзіцца тэлефанаваць адзін аднаму па звычайных тэлефонах, і сьведчаньнямі палонных, якія расказваюць, як не змаглі выклікаць падмацаваньне або знайсьці патрэбную дарогу з прычыны адсутнасьці камунікацыі з навакольным сьветам.

Як піша The New York Times са спасылкай на крыніцы ў войску ЗША, з чатырох расейскіх генэралаў, ужо забітых ва Ўкраіне, як мінімум адзін загінуў пасьля таго, як суперніку ўдалося засекчы яго месцазнаходжаньне — дзякуючы званку па неабароненай лініі.

Крыніца расьсьледвальніцкай групы Conflict Intelligence Team у адным з расейскіх злучэньняў, якія ўдзельнічаюць ва ўварваньні ва Ўкраіну, пацьвердзіла, што «расейскія вайскоўцы ў асноўным карыстаюцца рацыямі цывільнага ўзору і сотавымі тэлефонамі».

Нарэшце, яшчэ 26 лютага BBC апублікавала пераказ галасавых паведамленьняў, што трапілі ў рэдакцыю і якімі напярэдадні расейскага ўварваньня ва Ўкраіну абменьваліся, як мяркуецца, кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў і намесьнік чачэнскай Расгвардыі Данііл Мартынаў. Мартынаў расказвае, што зьбіраецца «зматацца ў Маскву», каб узяць «чыстыя ўкраінскія сім-карты» і «спэцыяльныя спадарожнікавыя мадэмы».

Экспэрт, зь якім паразмаўляла Радыё Свабода, кажа, што праблема з сувязьзю паміж вайсковымі падразьдзяленьнямі і рознымі родамі войскаў стала адной з асноўных прычынаў, па якой ва Ўкраіне расейскі наступ на зямлі фактычна захлынуўся, а дзеяньні авіяцыі з часам сталі менш эфэктыўнымі.

Радыё Свабода прыйшло да высновы, што ў праблемах расейскага войска з сувязьзю вінаватыя і карупцыя, і агульная тэхнічная адсталасьць войскаў, і фактар вайны на чужой зямлі, дзе ў руках суперніка знаходзяцца ня толькі сотавыя сеткі, але і дротавая сувязь, якая паказала сябе надзейным запасным каналам.

Хто ў лес, хто па дровы

Ня толькі недахоп сучасных абароненых сродкаў камунікацыі, але і збольшага выкліканая гэтым дрэнная каардынацыя паміж рознымі відамі войскаў — адны з асноўных прычын таго, што расейскі наступ на ўкраінскай тэрыторыі хутка захлынуўся, лічыць Станімір Добрэў, незалежны ваенны экспэрт, спэцыяліст па тэлекамунікацыях, магістар навук Шэфілдзкага ўнівэрсітэта.

У інтэрвію Радыё Свабода Добрэў растлумачыў, чаму перадавыя расейскія атрады ў першыя дні вайны часта заставаліся бяз сувязі і як гэта можа сьведчыць аб тым, што расейскае камандаваньне сапраўды разьлічвала на вокамгненную апэрацыю па захопе Ўкраіны.

«Яшчэ да пачатку расейскай апэрацыі мы бачылі мноства тэхнікі, якая выкарыстоўваецца для абароненай перадачы інфармацыі, напрыклад, рухомыя радыёрэлейныя станцыі Р-419 або антэнны модуль Р-431. Але паколькі Расея адпраўляе ўглыб украінскай тэрыторыі батальённыя тактычныя групы, створаныя з узбраеньняў самых розных гадоў выпуску, ад танкаў з 80-х гадоў да больш сучаснай тэхнікі, пры наладцы сувязі даводзіцца арыентавацца на мінімальныя магчымасьці старога абсталяваньня. Калі ў вас у калёне ёсьць старая тэхніка і новая, то каб мець сувязь з усімі машынамі, вам давядзецца «апускацца» да самага нізкага ўзроўню і выкарыстоўваць старыя радыёстанцыі з перадусталяванымі неабароненымі каналамі.

Я чакаў чагосьці падобнага да пачатку вайны, але не ў такой ступені. У гэтых радыёстанцый невялікі радыюс дзеяньня, каля 4 кілямэтраў, а расейскія батальённыя тактычныя групы адразу зайшлі на значна большую адлегласьць ад мяжы. Пры гэтым мы ня бачылі, каб разам зь імі ішла тэхніка, якая можа забясьпечыць абароненую сувязь з камандным пунктам. Звычайна гэта некалькі машын-рэтрансьлятараў, па дарозе трэба ставіць новыя вышкі сувязі, але мы бачылі іх толькі на мяжы з Украінай.

Нават калі б разам з войскамі ўглыб ішлі рэтрансьлятары, засталася б яшчэ адна праблема: вам патрэбныя дасьведчаныя апэратары, якія ўмеюць усталёўваць ключы шыфраваньня. Калі вы змушаны прыцягваць да апэрацыі нават салдат тэрміновай службы, такіх спэцыялістаў можа проста не хапаць.

Трэба таксама ўлічваць, што ў першыя дні расейскія войскі перасоўваліся вельмі хутка, і сувязісты маглі проста не пасьпяваць за такім тэмпам: бо трэба ня проста ўсталяваць рэтрансьлятар, трэба знайсьці для яго падыходзячае месца, каб ён не патрапіў у радыёцень, і гэтак далей. Ускосна гэта сьведчыць аб тым, што расейскія наступальныя групы войскаў не разьлічвалі доўга заставацца ў дарозе. Акрамя таго, дадзеныя, якія перадаюцца па расейскім абсталяваньні для абароненай ваеннай сувязі, выпушчаным да 2000-х гадоў, цяпер могуць быць дэшыфраваныя з дапамогай больш сучаснай тэхнікі літаральна ў рэжыме рэальнага часу».

Па словах Добрэва, на гэтыя праблемы наклалася яшчэ адна: недастатковая ўкаранёнасць у расейскім войску сучаснай аўтаматызаванай сыстэмы кіраваньня войскамі (АСК).

«У ЗША стандартам цяпер зьяўляецца сыстэма Blue force tracking. На кожным абʼекце вашага войска, які рухаецца, устаноўлены GPS-трэкер, і вы можаце бачыць на адным экране ўсе іх перамяшчэньні. Праблема ў тым, што да 2020 году ў расейскіх сухапутных войсках плянавалася аснасьціць падобнай сыстэмай толькі 45 брыгад, але і гэтай задачы Расея не дала рады.

Яшчэ горш ідзе справа з каардынацыяй паміж сухапутнымі войскамі і авіяцыяй. Аналягічная сыстэма для ваенна-касьмічных сіл Расеі, «Перспектива-АСУ», па-ранейшаму толькі распрацоўваецца. У ПДВ — свая АСК, «Андромеда -Д». Яна шырэй за ўсё распаўсюджаная і выкарыстоўваецца даўно, таму што ў ПДВ у гэтым сэнсе як у элітных войскаў заўсёды быў прыярытэт. Нармальная каардынацыя паміж гэтымі сыстэмамі ў расейскай арміі не заўсёды працуе».

Дрэнная арганізацыя і каардынацыя дзеяньняў, кажа Добрэў, гэта наогул адна з асноўных праблем расейскай арміі, у якой наглядна выяўляецца яе адсталасьць.

«У пачатку вайны расейская авіяцыя дзейнічала даволі пасьпяхова, таму што пазыцыі праціўніка былі ёй добра вядомыя. Цяпер гэта ўжо не заўсёды працуе. Апублікаваныя ў інтэрнэце дакумэнты, захопленыя ў палонных расейскіх пілётаў, паказваюць, што тыя дзейнічаюць па-старому: зьдзяйсьняюць вылет, накіроўваюцца ў зададзены раён, пілёты працуюць па загадзя выдадзеных цэлях, затым вяртаюцца на базу. Калі раптам на зямлі нейкаму расейскаму падразьдзяленьню спатрэбіцца падтрымка з паветра або цэль, напрыклад, сыстэма СПА, пасьпела зьмяніць сваё месцазнаходжаньне, то пілёт пра гэта можа проста не даведацца праз адсутнасьць апэратыўнай сувязі зь зямлёй.

Гэта павінна быць плятформа, якая забясьпечвае сталы абаронены абмен дадзенымі, прычым ня толькі галасавымі. Адсутнасьцю ў расейскіх вайскоўцаў такой плятформы ўкраінскае войска, мяркуючы па ўсім, нядрэнна навучылася карыстацца, пасьпяваючы хутка перасоўваць патэнцыйныя цэлі зь месца на месца. З падобнымі праблемамі сутыкалася і амэрыканскае войска падчас вайны ў Пэрсыдзкай затоцы».

Ня ўсё ў парадку з абароненай сувязьзю і ў расейскіх спэцслужбаў, чые супрацоўнікі таксама знаходзяцца цяпер ва Ўкраіне.

8 сакавіка кіраўнік Bellingcat Хрыста Грозеў напісаў у твітэры аб тым, як Службе бясьпекі Ўкраіны ўдалося перахапіць размову двух афіцэраў ФСБ, у тым ліку аднаго прымацаванага да 41-й агульнавайсковай арміі. У гэтай размове яны абмяркоўвалі сьмерць расейскага генэрал-маёра Віталя Герасімава.

«Дзіма, па эраўскай ня можам выйсьці на сувязь?» — «Ды тут сувязь не працуе, ні на каго выйсьці ня можам», — адказвае «Дзіма».

«Эра» — гэта абаронены смартфон для вайскоўцаў, з помпай прадстаўлены ў канцы 2021 году. Праблема ў тым, піша Грозев, што для працы яму патрэбная сотавая сетка 3G або 4G, а многія вышкі сотавай сувязі былі зьнішчаныя падчас бамбёжак і абстрэлаў расейскімі вайскоўцамі. Але навошта? У Станіміра Добрэва ёсьць тлумачэньне.

«Сотавыя сеткі па-ранейшаму кантралююцца Ўкраінай, а значыць, для ўкраінскіх вайскоўцаў яны па-ранейшаму застаюцца адносна абароненым ад праслухоўваньня сродкам сувязі. Украіна зьняла ўсе абмежаваньні на ўнутраны роўмінг. Фактычна любы ўкраінец з сотавым тэлефонам зараз можа выступаць як інфарматар сваёй арміі аб перамяшчэньнях расейскіх войскаў.

Акрамя таго, ва ўмовах адсутнасьці адмысловых абароненых вайсковых сродкаў сувязі шматлікія салдаты і афіцэры паддаюцца спакусе выкарыстаць звычайныя тэлефоны — яны проста дастаюць украінскія сім-карты і тэлефануюць у Расею, дазваляючы ўкраінскім вайскоўцам і разьведцы ня толькі лёгка перахапляць зьмест размоваў, але і вызначаць месцазнаходжаньне таго, хто тэлефануе. Ва ўкраінскай арміі, у сваю чаргу, ёсьць яшчэ адна перавага — гэта звычайная дротавая тэлефонная сувязь, якую расейцам вельмі складана вывесьці са строю артылерыйскімі або бомбавымі ўдарамі або падключыцца да яе».

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0