Фота: скрыншот з ютуб-канала «Максімальна»

Занатавалі самае цікавае з інтэрв'ю на ютуб-канале «Максімальна».

Да выбараў Іна працавала ў культурнай прасторы Ok16.

«Мая частка працы была звязана з тэатрам і ўсім, што падобна на тэатр у Ok16. Я думаю, што ўсе, хто там быў калі-небудзь, ведаюць, што гэта не такі тэатральны будынак, дзе стаяць аксамітныя крэслы і сядзяць людзі пад жырандоляй…

Гэта месца, якое давала магчымасць праяўляцца. Важна не тое, на які івэнт прыходзіш, а тое, што гэта пад сабой нясе, што ў гэтым месцы можа быць і рэйв, і спектакль, і выстава, а гэта значыць, свабода тваёй творчай праявы. Ты можаш знайсці там па сваіх інтарэсах тое, што табе блізка, і будзеш адчуваць там сябе сваім ці сваёй».

Іна згадвае, што змянілася ў Ok16 з прыходам Марыі Калеснікавай.

«Маша прыўнесла нейкі свой драйв, які ёй уласцівы як асобе. У Ok16 мы ўжо працавалі тады года паўтара, трэба быў нейкі наступны ўзровень, свежая кроў, новыя людзі з новымі ідэямі. І ў гэтым сэнсе нашы жаданні супалі, таму што Маша — чалавек шырокага мыслення. Гэта быў, вядома, узлёт. І калі Ok16 скончыў сваё існаванне, гэта адбылося на ўзлёце, можна сказаць».

Публічны вобраз Калеснікавай адпавядае таму, як яна сябе паводзіць у жыцці і на працы, дзеліцца Іна Кавалёнак.

«Яна не ведала ад самага пачатку, што стане лідаркай пратэсту. І ў гэтым сэнсе цікава было назіраць за ёй, як яна змянялася. Але ў цэлым, што менавіта Маша аказалася там, дзе яна аказалася, канешне, для мяне не было сюрпрызам. Маша — экстраардынарная асоба ў прамым сэнсе слова. Чалавек з нязвыклай камбінацыяй, здавалася б, простых якасцяў у вельмі моцнай канцэнтрацыі».

Іна апісвае ноч у штабе з 9 на 10 жніўня 2020-га.

«Галоўнае адчуванне — гэта непрадказальнасць. Ніхто ж не ведаў, што будзе адбывацца. Памятаю момант, калі прыйшлі першыя паведамленні, што на некаторых участках павесілі праўдзівыя пратаколы. Мы сядзелі ў пакоі, праз шкло журналісты бачылі, што адбываецца ў нас. І Маша акурат гэта пачула [пра праўдзівыя пратаколы], падскочыла — і журналісты зразумелі, што адбылося нешта абсалютна экстраардынарнае. Прыціснуліся да шкла, пачалі фоткаць. Гэта была шчырая радасць».

Нядаўна ў Польшчы ставіўся спектакль пра палітзняволеных. Іна была адной з прадзюсарак.

«Вялікі дзякуй тэатру, які пагадзіўся на гэтую трошкі авантуру. Каманда з розных краін — беларускія артысты, беларускія прадзюсаркі, рэжысёр з Расіі. Гэтая каманда сабралася, каб зрабіць спектакль у першую чаргу для замежнікаў, каб ім было хоць трошкі зразумела пра палітвязняў. Мэта была патлумачыць, што за гэтым стаіць. Усе вельмі здзіўляліся: божухна, столькі людзей у адной камеры, божа, душ раз на тыдзень 15 хвілін. І, канешне, гэта спосаб працягваць казаць пра падзеі ў Беларусі, што нічога не спынілася, і даніна павагі самім палітычным вязням».

Што змянілася ў палітычных зняволеных пасля пачатку вайны?

«Ёсць дзве тэндэнцыі, мне здаецца, — дзеліцца назіраннямі Іна. — Па-першае, яшчэ больш пачалі блакаваць лісты. Праблемы з ліставаннем у палітычных былі заўсёды, але зараз вельмі заўважна.

А другі момант — гэтая тэма пачынае сыходзіць на другі план нават у атачэнні беларусаў. Мы не можам сабе дазволіць на гэта забыцца, бо хто яшчэ будзе гэтым займацца апроч нас?

Мы можам гэта ўбачыць у сваіх сацыяльных сетках, калі апошні раз нехта рэпосціў навіну ваенную ці навіну з жыцця палітзняволеных. Відавочна, у фокусе вайна. Зараз шмат людзей выязджае з Беларусі, і ў нейкім сэнсе для іх бяспечней гаварыць пра тое, што адбываецца ўнутры краіны. 

Стала болей выпадкаў, калі людзям яшчэ адно крымінальнае абвінавачванне прад’яўляюць, адпаведна павялічваецца іх тэрмін у няволі».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру