«Працы стала ў паўтара раза больш, чым да вайны»

Наш першы суразмоўца не першы год займаецца прыгонам аўто з Еўропы і памятае розныя часы, пачынаючы ад шалёнага буму ў 2010-2011 гадах (перад павышэннем мытных пошлін да расійскага ўзроўню) да амаль поўнага вымірання бізнэсу ў 2015-2016-м. Цяпер жа, па яго словах, у аўтапрыгонным рамястве далека не самы горшы час.

«Цягам апошніх трох год цікавасць беларусаў да куплі патрыманых аўто з краін ЕС толькі расце. Безумоўна, гэтаму спрыяе 140-ы ўказ, які дазваляе размытніваць аўто з 50% зніжкай, але гэта далёка не адзіны чыннік, які грае на карысць еўрапейскаму кірунку.

Пасля таго, як у 2015 годзе адбыўся абвал расійскага рубля, усе перакінуліся на куплю аўто ў Расіі, бо везці з Еўропы або ЗША стала не выгадна. Але прайшло 2-3 гады, і большасць зразумела, што лепш не мець спраў з «бэушкай» з Расіі, бо там нашмат горшыя ўмовы карыстання аўто, горшы сэрвіс і шмат падману», — дзеліцца назіраннямі спецыяліст.

З пачаткам вайны ва Украіне, паколькі людзі аказаліся ў поўнай разгубленасці, на нейкі час рынак фактычна спыніўся.

«У сакавіку дакдадна можна было сыходзіць у адпачынак, прычым адразу месяца на паўтара. Цягам месяца не было новых замоў, продажы таксама спыніліся. Даводзілася закрываць выключна раней распачатыя справы.

Першая палова красавіка таксама была амаль «нулявой», але ўжо бліжэй да канца месяца пачаліся нейкія рухі, як па продажы мышын у наяўнасці, так і па пошуку аўто пад замову.

У маі ўвогуле пачаўся ажыятажны попыт. У выніку працы стала прыкладна ў паўтара раза больш, чым было да вайны, першы месяц лета таксама трымаецца ў такім тэмпе», — прызнаецца суразмоўца.

Самая простая «Лада» каштуе, як годная «бэушка» з ЕС

На «бэушку» вымушаны былі пераключыцца і тыя, хто хацеў набыць новы аўтамабіль.

«Новых паставак амаль няма, а цэны на тыя, што ёсць, — проста космас. Пры гэтым па цане бюджэтніка ў камплектацыі «барабан» можна прыгнаць 3-5 гадовую машыну класам вышэй з нашмат багацейшай камплектацыяй і, пры жаданні, малым прабегам», — заўважае прыгоншчык. 

Пасля абвалу на рынку новых аўто з'явілася больш жадаючых купляць патрыманую машыну ў цанавым сегменце даражэй за 30 тысяч даляраў.

Па-ранейшаму попытам карыстаюцца VW Passat, VW Touran, а таксама разнастайныя мадэлі французскіх вытворцаў Peugeot\Citroen і Renault.

«Сярод найбольш даступных аўто добра купляюць Ford Focus. Такія машыны ў залежнасці ад прабегу і камплектацыі абыходязцца ў 11-13 тысяч даляраў. Гэта кошт самай таннай новай «Лада Гранта», а калі браць новы VW Polo, то ён ужо каля 20 тысяч каштуе, таму выбар для многіх відавочны. 

Па цэнах у 13-15 тысяч папулярнымі застаюцца Renault Megan. Таксама карыстаецца попытам Renault Talisman, але там цэны ўжо каля 15-17 тысяч.

Раней цэнавы сегмент да 15 тысяч быў самым запатрабаваным, цяпер жа ўсё часцей людзі замаўляюць дарагія аўто. Розныя паркетнікі, Audi, BMW і г.д.

Вызначыць нейкі топ сярод дарагіх аўто складаней, бо, як правіла, маючы вялікія грошы, людзі маюць і большы выбар. Нехта хоча Alfa Romeo, а іншы Jaguar», — дзеліцца суразмоўца.

Каля траціны аўто купляюць на РФ

Шмат машын у Беларусі скупляюць расіяне. Па назіраннях спецыяліста, у РФ з'язджае не менш за траціну свежапрыгнаных аўто.

«Пасля стабілізацыі курсу расіяне пачалі вельмі актыўна перакупляць прывезеныя з Еўропы машыны», — дадае ён. 

Нягледзячы на плюсы ў выглядзе павялічанага попыту, вайна і санкцыі прынеслі свае складанасці.

«Праз забарону на працу беларускіх транспартных кампаній у ЕС падаражэла дастаўка аўто. Але гэта ўжо не першае падаражэнне цягам апошняга года. За год дастаўка аўто з той жа Германіі да Беларусі вырасла ў цане прыблізна на 300-400 еўра.

У еўрапейскіх перавозчыкаў бываюць чэргі на дастаўку, таму частка аўто цяпер пераганяецца сваім ходам, са зняццём кавідных абмежаванняў з гэтым стала прасцей. Тым больш, што з ЕС у 90% выпадкаў прыганяюць цэлыя аўто, якія могуць самі даехаць да Беларусі.

Ёсць складанасці з правядзеннем аплаты, некаторыя прадаўцы адмаўляюцца прадаваць аўто сюды. Але бізнэс на тое і бізнэс, каб быць гнуткім і хутка прыстасоўвацца да працы ў новых умовах», — падсумоўвае прадпрымальнік.

«Танныя аўтамабілі амаль перасталі замаўляць»

Наш іншы суразмоўца займаецца выключна аўтамабілямі з ЗША. Ягоная кампанія аднавіла прыём замоў толькі з сярэдзіны мая.

«Перад пачаткам вайны мы мелі каля 30 актыўных дамоў на пошук аўто ў Штатах. Больш за 2/3 кліентаў вырашылі паставіць пошук на паўзу, але былі і тыя, хто не пабаяўся і набыў аўто ў сакавіку. Людзі рызыкнулі, але ў выніку выйгралі, бо тады значна прасеў попыт і можна было набыць машыну на некалькі тысяч танней, чым планавалася. Таму нават з улікам усіх складанасцей і затрымак яны аказаліся ў плюсе, бо ўзросшыя выдаткі на транспарціроўку былі значна меншымі, чым сума сэканомленая на куплі».

Увесь транспарт, як і раней, ідзе праз Літву. Аўто на аўкцыёнах фірмы купляюць з амерыканскіх акаўнтаў, аплату праводзяць праз Грузію, а машыны з Клайпеды цяпер дастаўляюць не беларускія перавозчыкі, а літоўскія.

«Натуральна, што выдаткі на транспарціроўку павялічыліся, але за кошт таго, што цэны на саміх аўкцыёнах крыху знізіліся, то выходзіць прыблізна тое самае, што і раней. Па вялікім рахунку для канчатковага кліента нічога не змянілася, ён як атрымліваў сваё аўто праз 2-4 месяцы, так і атрымлівае, а знаходзіць новыя метады працы ў зменлівых умовах — гэта ўжо наш галаўны боль, за які мы і бярэм грошы, як пасярэднікі», — кажа спецыяліст.

Па назіраннях суразмоўцы, з надыходам лета попыт на куплю аўто са Штатаў вярнуўся на даваенны ўзровень і нават перавысіў яго. Раней сярод найбольш папулярных варыянтаў былі наступныя маркі і мадэлі: VW Jetta, Ford Escape, Buick Encore, Chevrolet Cruze, Chevrolet Malibu. Гэта ўсё аўтамабілі, якія каштуюць да 15 тысяч даляраў з улікам усіх выдаткаў. 

«Самы танны варыянт для прыгону са Штатаў — гэта Ford Focus з літровым рухавіком, там лёгка можна ўкласціся ў бюджэт каля 9000$, але вялікім попытам ён не карыстаецца. 

Сярод больш дарагіх аўто добра куплялі Сhevrolet Еquinox. З маслкараў самым папулярным застаецца Ford Mustang.

Аднак асноўны трэнд апошняга часу — гэта аўто па цэнах ад 20-30 тысяч даляраў. Апошнімі днямі было шмат замоў на Audi Q7, Chevrolet Comaro, Dodge Chelenger. Увогуле танные аўто (да 15-20 тысяч) амаль не замаўляюць», — дзеліцца прадпрымальнік.

«На аўто коштам каля 25-30 тысяч можна сэканоміць 5-7 тысяч»

Нават пры прыгоне самых танных мадэляў на замову чалавек эканоміць мінімум 2000 даляраў ад цаны аўто ў Беларусі.

«Напрыклад, VW Jetta апошняга пакалення «пад ключ» абыдзецца ў 11,5-13 тысяч, у той час, як у Беларусі яны прадаюцца па цэнах ад 15 да 17 тысяч. Той жа «Пасат» лёгка абыходзіцца ў 14-15 тысяч, калі ў нас яны каштуюць па 17-18. 

Увогуле, чым даражэй машына, тым большая эканомія. На аўто коштам каля 25-30 тысяч можна лёгка сэканоміць ці, калі вы бераце на продаж, зарабіць 5-7 тысяч», — падсумоўвае эксперт.

Па яго словах, людзі схіляюцца да куплі аўто са Штатаў не толькі праз вялікую розніцу ў цане, але і праз малыя прабегі (адносна еўрапейскіх аўто) і празрыстую гісторыю. Да таго ж, ёсць шэраг мадэляў, якія не прадаюцца ў Еўропе.

«У нас ёсць даволі шмат кліентаў, якія купляюць праз нас ужо другое, трэцяе і нават пятае аўто. Некаторыя паспелі прызвычаіцца да таго, што год ездзяць на машыне, а потым прадаюць яе з наварам у 2000-5000 даляраў. З еўрапейскімі аўто так не атрымаецца.

Але варта разумець, што купля аўто са Штатаў — гэта хоць і выгадны, але працяглы па часе працэс. 99% аўто з ЗША купляюць пасля ДТЗ ці іншых здарэнняў, бо інакш у гэтым не будзе сэнсу. Вось і атрымліваецца, што нават у самым лепшым выпадку, вы сядзеце за руль свайго аўто не раней, чым праз 2,5-3 месяцы з моманту куплі на аўкцыёне.

Бо мінімум 2 месяцы спатрэбіцца на дастаўку да Беларусі, плюс трэба выдаткаваць час на рамонт».

Чытайце таксама: 

Рынак новых аўтамабіляў рухнуў. Наперадзе — дэфіцыт

Па законе можна, а па факце — не. Чаму ў Беларусь немагчыма ўвезці электрамабіль без сплаты мыта?

«Зніжка ад Лукашэнкі». Колькі цяпер каштуюць новыя Geely?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру