Гісторыя №1. Хітрая схема з хатнім тэлефонам і «старэйшым братам»

«Першыя грошы сталі крымінальнымі. Гэта быў 6 клас — 12 ці 13 год. Баранавічы. Год не ўспомніць — пачатак двухтысячных. Тады нельга было легальна прадаваць піратэхніку, і ўсе прадавалі з рук, у гэтак званых «кропках» — прыватных кватэрах і дамах, чые адрасы ўся моладзь з нашага раёна ведала на памяць. 

Баранавічы. Ілюстрацыйнае фота: «Наш край»

На самым краі раёна, у прыватным сектары, была такая «кропка», дзе продаж выглядаў так: прыватны дом, доўгі калідор, цяжарная жанчына выкатвае трох’ярусную каляску, дзе зверху ляжаць петарды і іншая драбяза, ніжэй — ракетніцы, з самага нізу — вялікія феерверкі. 

Мы назіралі за домам і высветлілі, што яна амаль увесь час дома адна, а муж з’язджае на работу. Таксама мы заўважылі, што ў тым калідоры на ўваходзе няма тэлефона. А ў той час, як памятаю, мабільнікаў не было, і любы званок на хатні тэлефон здаваўся па змоўчанні вельмі важным. Мая маці, нават калі чысціла рыбу, усё кідала, хутка мыла рукі і бегла адказваць — а раптам што. Вось і мы сыходзілі з логікі, што калі пазваніць у гэты дом, калі жанчына стаіць з каляскай у калідоры, то яна пойдзе ў іншы пакой падымаць трубку. На гэтым і будаваўся наш план.

Праз сэрвіс 109 мы даведаліся нумар тэлефона, сінхранізавалі гадзіннікі і некалькі разоў прайшліся па маршруце ад пад’езду да «кропкі». Пасадзілі аднаго «саўдзельніка» на тэлефон — ён меўся пазваніць на хатні нумар, калі мы меркавана будзем стаяць у калідоры. Ну і пайшлі, узяўшы з сабой вялікія пакеты. Трошку загрыміраваліся, хто як умеў, візуальна мы выглядалі вельмі стромна: падлеткі ў дзедавых акулярах, шапках і шаліках, каб не пазнаць. 

Калі прыйшлі, то пачалі выбіраць, жанчына ўжо зазлавалася, што доўга, але тут — званок. Яна махнула рукой: «Павыбірайце яшчэ», — і пайшла ў іншы пакой здымаць трубку. Пакуль наш аднакласнік казаў ёй нейкую бязглудзіцу, мы зграблі ўсё, што было на калясцы, і ўцяклі. 

У міліцыю яна заявіць, як мы лічылі, не магла, бо сама займалася гэтым нелегальна. У любым выпадку, нас ніхто не шукаў. Мне дасталася шмат петард, ракетніц і два вялікія феерверкі. Я захоўваў гэта ў сваёй тахце, закрыўшы падушкамі. А калі прыходзіў са школы, то вытрэсваў падручнікі, загружаў петардамі заплечнік і ішоў па раёне прадаваць. «Старшакам» не прапаноўваў, бо адабралі б. Так паціху ўсё дробнае і прадаў. 

Але засталіся вялікія феерверкі, якія, са словаў абазнаных, каштавалі па 40 тысяч рублёў. А гэта вельмі дорага, бо харчаванне ў школе тады каштавала 5 тысяч на месяц. У школьнікаў такіх грошай быць і не магло, таму я прыдумаў легенду і пусціў яе па паралелі, што ў мяне ёсць дарослы брат, якому «ўжо за 20» — тады гэта здавалася страшна шмат. І вось ён прадае, а я так — прапаноўваю.

У выніку да нас у раздзявалку прыйшоў хлопец з бацькам і захацеў сустрэцца з братам. Якраз падыходзіў Новы год. Я прыдумаў гісторыю, што брат на вучобе, але магу прынесці я. Папрасіў 35 тысяч. На наступны дзень мы разлічыліся, я ў дэталях патлумачыў, якімі колерамі страляе феерверк, хаця паняцця не меў, як насамрэч. 

Але грошы я не траціў і чакаў канца канікул. Баяўся, што калі раптам што пойдзе не так, то з мяне запатрабуюць грошы назад, а такую гіганцкую суму са сваіх запасаў я не збяру. І вось, пасля канікул я ў раздзявалцы зноў убачыў таго хлопца з бацькам. Я пабялеў, падумаў, што феерверк бракаваны. З падціснутым хвастом хацеў праскочыць незаўважна, але ён мяне паклікаў і спытаў… ці ёсць у брата яшчэ феерверкі. У мяне адлягло, і я сказаў, што ёсць, але ўжо троху даражэйшыя, бо лепшыя і «апошняя партыя». Улавіў, так бы мовіць, што дзядзька па дробязях не гандлюецца. 

Я прынёс яму другі феерверк, а потым пацікавіўся ў сына, ці стралялі, ён сказаў, што стралялі, усё нармальна. Так, у адзін момант у мяне аказалася страшная сума грошай на руках. Некалькі месяцаў паралель ела снікерсы і мэллеры за мой кошт. 

Потым я зразумеў, што грошы маюць уласцівасць сканчацца, і вырашыў патраціць іх з розумам: накупляў на 30 тысяч наклеек з футбалістамі і Майклам Джорданам. Збіраў іх па кіёсках па ўсім горадзе, бо, аказалася, у адным кіёску на такую суму наклеек не было. 

Потым я страціў да іх інтарэс і шмат разоў думаў, як бы можна было патраціць грошы іначай. У выніку абклеіў гэтымі налепкамі ўсю дзедаву хату ў вёсцы. Яны і дагэтуль там вісяць.

Цяпер зарабляю сумленна, гісторыя з петардамі засталася як затуманеная прыгода з ранняга дзяцінства».

Гісторыя №2. Пра «брыгадзіра» і арганізатарскія здольнасці

«Раённы цэнтр, двухтысячныя. Падпрацоўвалі па-рознаму. Летам сабралі «брыгаду» — некалькі чалавек падлеткаў, год па 10-14 — і шукалі, дзе ідзе будаўніцтва. Калі ідзе — падыходзілі да мужыкоў і прапаноўвалі свае паслугі, каб нешта разгрузіць, ці прыбраць смецце, ці яшчэ штосьці па сілах.

Справа ішла, і так работу знаходзілі кожны дзень — пераважна разгружалі цэглу, з'яўляліся нават «сталыя кліенты», якія прызначалі дзень і час, калі прыйсці дапамагчы.

Я стаў «брыгадзірам» і збіраў на такія замовы народ па дварах з вечара. Пры разліку пакідаў сабе трошку больш за астатніх «за арганізацыю». 

Вядома, значную частку трацілі на розную фігню: цыгарэты паштучна, хоць і курыць асабліва не ўмелі — так, для статусу насілі ў кішэнях, каб падзяліцца, калі нехта з дарослых акажацца ў патрэбе. Так і напрацоўвалі аўтарытэт сярод старэйшых у двары. Піва куплялі, чыпсы «Анегу», «Кірыешкі». 

Умудрыўся таксама купіць сабе пару летніх маек за ўласныя грошы».

Гісторыя №3. З нечаканым фіналам

«Першая падпрацоўка вызначыла маю будучую прафесію. Неяк я захацеў купіць сабе новыя красоўкі, гэта была мадэль «Белкельме», на той момант тая пара каштавала 700 000 рублёў.

Я вырашыў пайсці на падпрацоўку: дапамагаў на будоўлях, прыбіраў агароды і дзялянкі.

Заробак быў панылы да моманту, пакуль да мяне не звярнулася адна бабуля. У яе некаторы час таму памёр муж і трэба было прыбраць непатрэбныя рэчы і смецце з гаражу.

Я падумаў, што гэта будзе лёкка — гараж быў маленькі. Мне здавалася, што за палову дня 100 000 будуць ужо лежаць ў маёй кішэні. 

Я памыляўся… як жа я памыляўся.

Калі я адкрыў браму, то пабачыў што гараж забіты смеццем і рознымі рэчамі пад самую столь. Прыбіраючыся я адчуваў сябе археолагам: былі рэчы даўнейшыя за паўстагоддзя. Артэфакты проста. Прызначэнне часткі з іх я не мог зразумець і нават здагадацца хоць блізка. 

Працаваў я тры дні, а потым спытаў у бабулі, кім працаваў яе муж. Ён быў электрыкам. Праз 10 год я таксама стаў электрыкам». 

Гісторыя №4. Фабрыка па перапрашыўцы тэлефонаў

«Першыя адносна салідныя грошы мы з кампаніяй зараблялі несумленным шляхам, але і ўцягнутыя былі выпадкова. Мы троху цямілі ў тэхніцы — гэта другая палова 2000-х. Якраз пачалі з'яўляцца першыя тэлефоны, самымі класнымі ў нас лічыліся «Матарола»: «Рэйзер», «Рокер», Е-398 і гэтак далей. А таксама «Соні Эраксан» і некаторыя «Нокіа». 

Хлопец з двара, троху старэйшы, з заможнай сям'і, пачаў прыносіць нам мабільнікі і прасіць перапрашыць IМЕІ. Гэта такі ўнікальны лічбавы код, які дазваляе апазнасць канкрэтны тэлефон сярод іншых аналагічных мадэляў. 

А мы перапрабівалі, за грошы. Як пасля аказалася, ён іх краў. Нам казаў, што гэта бацькі купляюць для нейкіх там мэтаў, ужо не ўспомніць. І скраў ён у нашай і суседняй школе пад 100 мабільнікаў, амаль усе яны прайшлі праз нашы рукі. 

За «паслугі» ён плаціў, а потым прадаваў тэлефоны на аўтарынку па выходных. У нейкі момант ён знік, а потым нас настаўнікі запрасілі ўсіх прыйсці ў актавую залу ў пятніцу — яго вырашылі судзіць паказальна (мы вучыліся ў адной школе), каб усім было навукай. І мы тады сінхронна «захварэлі», бо баяліся, што на судзе ён на нас укажа, як на саўдзельнікаў. 

Але пра нас ён нічога не сказаў».

Гісторыя №5. З капейкамі ад калгаса і адлупам ад цёткі

«У 1999-м, дзякуючы сваёй цётцы, якая працавала брыгадзірам, я ўладкаваўся на прыборку бульбы. Мне было 12 год. 

Для такога ўзросту такая магчымасць зарабіць лічылася прывілеям, хоць работа і не была лёгкай. Кожны дзень нас «радавалі» прыкладнымі сумамі заробку за нашу прадуктыўнасць, у залежнасці ад колькасці сабранага. Гэта толькі стымулявала працаваць усё больш. Так я прапрацаваў два тыдні, але ніводнай выплаты нешта так і не адбылося — усё зацягвалі.

Пакольку мабільнікаў не было, то даводзілася хадзіць у касу і цікавіцца навінамі аб выплатах. На чацвёрты ці пяты такі паход у касе з’явіўся дырэктар калгаса. І я яму выказаў наўпрост, што мне здаецца, што ён нас падманвае: мы працуем — а грошай няма. А мне хутка трэба з’язджаць вучыцца (у школу я хадзіў у іншым горадзе).

Яго рэакцыю я ўжо не ўспомню, але ў выніку з намі разлічыліся, даўшы ў 10 разоў менш за абяцанае, я атрымаў вербальны адлуп ад цёткі за тое, што пасмеў выказваць прэтэнзіі дырэктару. Пасля гэтага дарога ў калгас для мяне закрылася, але і не вельмі хацелася там ужо падпрацоўваць за капейкі». 

Калі вы маеце свае небанальныя гісторыі першых заробкаў, то пішыце ў тэлеграм-бот @nasa_niva_bot або ў прыват журналістам, якіх ведаеце. 

 

Клас
22
Панылы сорам
2
Ха-ха
10
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру