Больш за 40 беларусаў ужо атрымалі пастановы аб дэпартацыі з Украіны. У рэальнасці праблемы з дакументамі можа мець значна больш людзей.

Іна Зайцава, больш вядомая як БЧБ-нявеста, стала адной з першых вядомых беларусак, якія сутыкнуліся з праблемамі, спрабуючы працягнуць дазвол на жыхарства ва Украіне. Пасьля некалькіх беспаспяховых візітаў у міграцыйныя органы Іна разам з мужам і дзецьмі вырашыла з'ехаць з Украіны, нягледзячы на набыты ва уласнасць дом пад Кіевам. 11 ліпеня сямейная пара беларусаў праз Польшчу дабралася да Швейцарыі, дзе плануе застацца на даўжэйшы час.

«Мы самі пра сябе клапаціліся ва Украіне»

«Праехалі паўтары тысячы кіламетраў за два дні, — расказала Іна ў размове са Свабодай. — Прыехалі зараз у Бэрн і падаліся тут як уцекачы, па агульнай працэдуры. Нас адразу размясцілі. Мы прайшлі гутарку, запоўнілі ўсе неабходныя дакументы. Зараз чакаем, калі нас размяркуюць на пастаяннае месца жыхарства. Будзем чакаць, калі ўсё вырашыцца. Мы беларусы і жылі ва Украіне па часовым дазволе на жыхарства. Але швейцарскі адвакат нас запэўніў, што мы маем усе падставы атрымаць статус уцекача. Сказаў, каб мы не перажывалі, бо нават калі нам адмовяць, то ён падасць на дзяржаўныя органы ў суд».

Атрыманне новых дакументаў, як паведамілі Іне, можа заняць ад некалькіх тыдняў да месяца. Аднак пастаяннае жыллё беларусам могуць даць і раней. Цяпер Іна разам з сям’ёй жыве ў прытулку для ўцекачоў.

«Гэта як інтэрнат такі, — расказвае Іна. — Нам на сям’ю выдзелілі асобны пакой. Кормяць тут нас. Мы пакуль за тры дні ў Швейцарыі не патрацілі ніводнага еўра, ніводнага франка самі не выдаткавалі на сябе. Вельмі вялікая падтрымка адчуваецца ад швейцарцаў, каласальная. У Бэрне паўсюль украінскія сцягі. Уцекачоў усе падтрымліваюць».

У доме Іны, які застаўся ва Украіне, цяпер жывуць унутраныя ўкраінскія перасяленцы. Як жартуе сама беларуска, «яны маюць украінскія пашпарты, і іх ніхто пакуль не выганяе з Украіны». Назад пад Кіеў Іна з сям’ёй пакуль вяртацца не плануе. Яна кажа, што вусных запэўніванняў ад украінскіх уладаў, што ўсё добра, ёй недастаткова.

«Пакуль сітуацыя ва Украіне (з атрыманнем замежнікамі дакументаў для легальнага статусу) не зменіцца, мы назад не паедзем, — кажа Іна. — Няма сэнсу інтэгравацца там, траціць свае грошы, арганізоўваць побыт на птушыных правах. У гэтым вялікая розніца паміж Швейцарыяй і Украінай. У Швейцарыі ўсё вельмі проста. Калі ты тут сам можаш сябе забяспечыць, можаш працаваць, то ты можаш застацца. Тут даўно разумеюць, што людзі — самі па сабе вельмі каштоўны рэсурс. Асабліва тыя, хто можа сам пра сябе паклапаціцца. А мы ва Украіне самі пра сябе клапаціліся».

Клас
57
Панылы сорам
3
Ха-ха
5
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
2