У Добрушскім раёне адбылося надзвычайнае здарэнне: у вёсцы Церахоўка пагрузчык сельгаспрадпрыемства заехаў у прыватны жылы дом, тэхніка пашкодзіла фасадную і бакавую часткі будынка. Больш за ўсё дасталася дзіцячаму пакою, паведамляе Навінны партал Добрушчыны.

«Каля шасці гадзін вечара ў мінулую сераду толькі-толькі забраў дзяцей у іншы пакой, як пачуў незразумелыя гукі. Адчыняем дзверы ў пакой і бачым скрозь пралом у сцяне вуліцу і частку трактара», — распавёў уладальнік прыватнага дома, шматдзетны бацька.

Паводле яго слоў, пагрузчык сельгаспрадпрыемства «Церахоўка-Агра» заехаў у яго дом, пашкодзіў фасадную і бакавую часткі будынка. У пакоі — абломкі цэглы і тынкоўкі, пашкоджаная мэбля, перабітая падводка газу, асеў дах.

У аддзяленні ДАІ райаддзела міліцыі паведамілі, што ДТЗ адбылося з-за няспраўнасці ў трактары сістэм гідраўлікі і тармазоў. У дачыненні да вінаватых складзена некалькі адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку і за выпуск на лінію няспраўнай тэхнікі.

Страхавая кампанія, якая афармляла абавязковую страхоўку нерухомасці, у кампенсацыі шкоды адмовіла. Будынак пацярпеў пры ДТЗ, а значыць, ёсць вінаваты, які і нясе адказнасць. Пытанне вырашылася б, калі б транспартны сродак быў застрахаваным, але ў гэтым праблема. На пагрузчык не было страхоўкі.

«Здзіўляюся, як ацаніць шкоду, хто, калі і на якія сродкі адновіць дом, — кажа ўладальнік жылля. — Калі ісці па шляху судовага разбору, працэс можа зацягнуцца на месяцы. А дзецям, якіх часова адправілі да бабулі ў вёску, трэба наведваць садок, гурткі і секцыі. Жыць жа ў паўразбураным будынку без газу і ацяплення з восені стане немагчыма.

Кіраўнік сельгаспрадпрыемства Руслан Сакалоў заявіў:

«Аднаўляць будынак нам, і гэта не абмяркоўваецца. Ужо звязаліся з прадстаўнікамі будаўнічага трэста №14. У хуткім часе ў Церахоўку выедзе спецыяліст, які вызначыць віды і аб'ёмы работ, пралічыць суму, неабходную на іх вытворчасць. Затым прыступім да рамонту. Цяпер падшукваем для домаўладальнікаў прыдатную жылплошчу для часовага пражывання. У наяўнасці ёсць аднапакаёвая кватэра, але для шматдзетнай сям'і, зразумела, такі варыянт не падыходзіць».

Клас
0
Панылы сорам
27
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
2