Украінскія вайскоўцы на пазіцыях у Данбасе. Фота: Associated Press

Украінскія вайскоўцы на пазіцыях у Данбасе. Фота: Associated Press

Расія ваюе ва Украіне ўжо амаль пяць месяцаў, але «яшчэ нічога ўсур'ёз не пачала», заявіў на мінулым тыдні Пуцін праз некалькі дзён пасля таго, як яго войскі захапілі Лісічанск, апошні горад у Луганскай вобласці, які ўсё яшчэ знаходзіўся пад кантролем Кіева.

Узяцце горада стала важнай вяхой у кампаніі Пуціна па захопе ўкраінскага Данбаса. Акрамя таго, гэта была вельмі неабходная перамога для ўзняцця маральнага духу. Частка маскоўскіх войскаў была ўзнагароджаная адпачынкам, іншыя атрымалі загад пачаць трохбаковы наступ з поўначы, усходу і паўднёвага ўсходу на ключавыя гарады Данбаса Славянск і Краматорск праз Северск і Бахмут.

Крамлю спатрэбіліся амаль тры месяцы, каб захапіць апошні бастыён Луганскай вобласці пасля адступлення з-пад Кіева і пераводу асноўнага кірунку ўдару на Данбас у сярэдзіне красавіка. Няздольнасць расіян акружыць і знішчыць украінскія войскі, што было часткай першапачатковага плана па акупацыі Данбаса, выклікала затрымку і змяненне расійскай тактыкі.

Яны пачалі бясконцыя бамбардаванні, выкарыстоўваючы да 50 тысяч снарадаў на дзень, разграмілі ўкраінскія пазіцыі і прымусілі тых адступіць. Кіеў губляў ад 100 да 200 вайскоўцаў штодзень, прычым гінулі салдаты з самых баяздольных часцей, а баявы дух, які ў красавіку здаваўся непахісным, быў падарваны.

Пасля няўдалага штурму Кіева і прасоўвання Расіі пад Луганскам вайна ва Украіне ўступае ў трэцюю фазу, у якой вырашальным фактарам з'яўляецца знясіленне кожнага з бакоў. Несупынная артылерыйская машына Расіі можа працягваць прасоўвацца наперад і ў выніку ўсталяваць поўны кантроль над Данбасам — цяпер яна кантралюе каля трох чвэрцяў тэрыторыі гэтых дзвюх абласцей. У гэты момант Пуцін можа абвясціць пра перамогу і запатрабаваць у свету перамоў на выгадных для Масквы ўмовах, а заходнія сталіцы, якія адчуваюць ціск з боку Расіі з-за скарачэння паставак энерганосьбітаў, будуць штурхаць Кіеў да заключэння здзелкі.

«Самае цікавае пытанне не ў тым, хто захоплівае 5 кіламетраў зямлі ці нават дзе, а ў тым, якія доўгатэрміновыя перспектывы для дзвюх сілаў», — сказаў Майкл Кофман, дырэктар па вывучэнні Расіі ў ваенным аналітычным цэнтры CNA, у падкасце War on the Rocks. Ён сцвярджае, што акцэнт на тэрытарыяльных заваёвах ва Усходняй Украіне засланяе агульную карціну. І што маштаб стратаў і здольнасць абодвух бакоў папаўняць сілы цяпер маюць вырашальнае значэнне.

Ход вайны па днях. Фота: Financial Times

Ход вайны па днях. Фота: Financial Times

У апошнія некалькі тыдняў Украіна набыла ў ЗША ракеты далейшага радыуса дзеяння, якія патэнцыйна могуць дазволіць ёй біць па расійскіх лініях забеспячэння і перашкодзіць працы артылерыі. Тое, як Кіеў выкарыстае новыя наступальныя магчымасці ў найбліжэйшыя некалькі тыдняў, можа згуляць вырашальную ролю ў канфлікце.

Пры ўсіх правалах, самым значным з якіх была няўдалая спроба ўзяць Кіеў на пачатку вайны, расійскі каток па-ранейшаму няўмольна рухаецца наперад. Калі Славянск, Краматорск і Бахмут апынуцца ў зоне паражэння расійскай артылерыі, іх будзе немагчыма абараніць, нягледзячы на тое, што яны добра ўмацаваныя.

Нягледзячы на млявае прасоўванне і ўласныя цяжкія страты, Расія можа далей выкарыстоўваць сваю велізарную перавагу ў артылерыі (украінцы кажуць, што на кожную ўкраінскую гармату прыходзіцца 10 расійскіх), каб перамагчы ў павольнай вайне на знясіленне.

Расіяне ў акупаваным Лісічанску. Фота: Associated Press

Расіяне ў акупаваным Лісічанску. Фота: Associated Press

«Расія ўсё яшчэ можа вычарпаць запасы ўкраінскіх боепрыпасаў, рэзерв падрыхтаваных войскаў і цярпенне міжнароднай супольнасці, каб павольна адваяваць шлях да дасягнення сваіх мэтаў», — напісалі два даследчыкі, Джэк Уотлінг і Нік Рейнальдс, у дакладзе для Лонданскага Каралеўскага інстытута аб'яднаных службаў.

Акрамя хранічнага недахопу артылерыйскіх боепрыпасаў, яны адзначылі мноства іншых слабых месцаў Украіны, уключаючы адсутнасць падрыхтаванай пяхоты і бранятэхнікі для правядзення наступальных аперацый, недахоп надзейнага радыёабсталявання і няздольнасць выяўляць і знішчаць расійскія сродкі радыёэлектроннай барацьбы.

Мікалай Патрушаў, кіраўнік Рады бяспекі Расіі, настойвае, што мэты Крамля застаюцца ранейшымі — звяржэнне кіраўніцтва Украіны і дэўкраінізацыя яе.

Украінцы на Данеччыне, 10 ліпеня. Фота: Associated Press

Украінцы на Данеччыне, 10 ліпеня. Фота: Associated Press

Аднак, па словах украінскіх чыноўнікаў і заходніх аналітыкаў, у расійскай арміі таксама хапае слабых месцаў, ёй таксама бракуе жывой сілы і сучаснай бранятэхнікі.

Простая матэматыка «гаворыць на карысць Кіева», кажа Коры Шаке, дырэктар па замежнай і абароннай палітыцы ў Амерыканскім інстытуце прадпрымальніцтва, спасылаючыся на тое, што Маскве цяжка набіраць вопытных салдатаў для папаўнення сваіх сілаў, а з Захаду ва Украіну паступае сучасная зброя.

Нацыяналістычна настроеныя ваенныя каментатары ў Расіі шалеюць ад таго, што Пуцін да гэтага часу адмаўляецца абвяшчаць усеагульную мабілізацыю. Але такі крок, імаверна, быў бы вельмі непапулярным сярод расіян і азначаў бы прызнанне правалу «спецыяльнай ваеннай аперацыі» ў Данбасе.

«Каля 80 адсоткаў яго войска ужо задзейнічаныя ў ваенных дзеянняў ва Украіне, выматаныя і прасоўваюцца наперад крайне марудна, — кажа Шаке, — Калі Уладзімір Пуцін сапраўды не збіраецца праводзіць агульнанацыянальную мабілізацыю… гэтыя сімвалічныя поспехі [ў Луганскай вобласці] не спрыяюць умацаванню стратэгічнай пазіцыі, і нават калі яны правядуць агульнанацыянальную мабілізацыю, спатрэбяцца месяцы, каб сабраць усіх, месяцы, каб навучыць іх. Ва Украіны ёсць акно магчымасцяў у найбліжэйшыя шэсць месяцаў, каб выйграць гэтую вайну».

Надыходзіць стомленасць

Паводле звестак Украіны, Масква страціла ў вайне больш за 37 тысяч вайскоўцаў. Па ацэнках брытанскай разведкі, расійскія страты перавышаюць 25 тысяч чалавек. Якой бы ні была сапраўдная лічба, Расія з цяжкасцю даўкамплектоўвае парадзелыя часці і толькі вялікімі грашовымі выплатамі заваблівае былых салдатаў падпісваць новыя кантракты. 

Расійская бранятэхніка знішчаная настолькі, што войскі выкарыстоўваюць танкі Т-62 1960 гадоў вытворчасці і бронетранспарцёры з 1950-х. Украінскі чыноўнік кажа, што расійскія войскі на поўдні краіны выкарыстоўваюць сістэмы СПА С-300, якія звычайна выкарыстоўваюцца для збівання самалётаў і ракет, для абстрэлу наземных цэляў, што кажа пра недахоп іншых ракет.

«Яны ўсё яшчэ вельмі небяспечныя. Любая іншая армія, страціўшы 25000 чалавек забітымі, проста спыніла б ваяваць, — кажа Бэн Уолес, міністр абароны Вялікабрытаніі. — А яны працягваюць малоць. Яны прасоўваюцца, як у Першую сусветную вайну, на некалькі метраў, не кіламетраў, а метраў, за дзень. Захопліваюць некалькі пустых вёсак. А потым часам іх адціскаюць назад. Пры гэтым яны губляюць вялікую колькасць тэхнікі і людзей».

Гандлёвы цэнтр, знішчаны ў Кіеве 24 сакавіка. Фота: Associated Press

Гандлёвы цэнтр, знішчаны ў Кіеве 24 сакавіка. Фота: Associated Press

Паводле падлікаў Financial Times на аснове даных Інстытута вывучэння вайны, па стане на 12 ліпеня Расія павялічыла плошчу падкантрольнай ёй тэрыторыі прыкладна на 5% проці 1 мая.

«У цэлым, падобна, што расійскія войскі паступова прасоўваюцца наперад, — кажа Кофман. — Але я вельмі скептычна стаўлюся да таго, што яны здольныя ўзяць Славянск і Краматорск. Гэта моцна ўмацаваныя раёны, і пры такіх тэмпах расійскія сілы могуць выдыхнуцца раней, чым правядуць там паспяховыя наступальныя аперацыі».

Паводле ацэнкі аднаго высокапастаўленага брытанскага чыноўніка, пры канцы чэрвеня абодва бакі былі «блізкія да знясілення». Аднак у апошнія тыдні дальнабойная зброя, якая прыбыла з Захаду, пачала істотна ўплываць на ўкраінскія аперацыі: спачатку яна дапамагла Кіеву вярнуць востраў Змяіны, стратэгічна важны аплот у паўночна-заходняй частцы Чорнага мора, а цяпер наносіць удары па складах боепрыпасаў у глыбокім тыле расіян.

Лоўрэнс Фрыдман, ганаровы прафесар, які вывучае вайну ў Каралеўскім каледжы Лондана, кажа, што вайна ўступіла ў пераходную фазу, калі расіяне імкнуцца наступаць, але пры гэтым могуць быць змушаныя абараняць пазіцыі, а Украіна рыхтуецца да правядзення контрнаступальных аперацый.

Ключавым адрозненнем стала прыбыццё ў канцы чэрвеня пастаўленых ЗША рэактыўных сістэмаў залпавага вагню, вядомых як HIMARS, з GPS-навядзеннем для дакладнага пападання ў цэль і дальнасцю да 70—80 км. «Ва ўкраінцаў не было нічога для сур'ёзнага супрацьдзеяння артылерыйскім батарэям. — кажа Фрыдман. — Але цяпер ёсць».

81-гадовы мужчына глядзіць на разбомблены расіянамі суседскі дом. Бахмут, 1 ліпеня. Фота: Associated Press

81-гадовы мужчына глядзіць на разбомблены расіянамі суседскі дом. Бахмут, 1 ліпеня. Фота: Associated Press

Эфект быў неадкладным. Па словах Пятра Пятакова, былога намесніка начальніка ракетных войскаў і артылерыі Украіны, за апошнія два тыдні ўкраінская армія з дапамогай HIMARS нанесла ўдары па шматлікіх расійскіх складах боепрыпасаў, сховішчах паліва, камандных цэнтрах і нават казармах.

«Парушаная сістэма забеспячэння значна зніжае агнявую моц Расіі, — кажа Пятакоў. — Гэта ператварыла артылерыю ворага ў металалом без боепрыпасаў. І прывяло да значнага зніжэння баявога патэнцыялу расійскіх войскаў і дало магчымасць украінскім узброеным сілам больш эфектыўна адбіваць наступ праціўніка».

У адным са сваіх рэгулярных зваротаў да нацыі на мінулым тыдні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі вітаў разгортванне HIMARS, заявіўшы, што гэта «значна зніжае наступальны патэнцыял расійскага войска. Страты акупантаў з кожным тыднем будуць толькі расці, як і цяжкасці з забеспячэннем».

Прыбыццё HIMARS

Украіна ўжо атрымала восем HIMARS з ЗША. Вашынгтон паабяцаў яшчэ чатыры, а Вялікабрытанія — яшчэ чатыры. Але для таго, каб дамагчыся вырашальнага пералому ў вайне, спатрэбяцца дзясяткі. І расійскія сілы будуць адаптаваць сваю тактыку і лагістыку да новай украінскай пагрозы.

Разгортванне адбываецца ў той момант, калі Кіеў спрабуе ўзмацніць ціск на расійскія сілы на поўдні краіны, дзе ён адваёўвае тэрыторыю вакол горада Херсон, найбуйнейшага з захопленых Масквой у лютым.

Размешчаны ў вусці Дняпра, жыццёва важнай эканамічнай артэрыі, Херсон, магчыма, стратэгічна больш важны, чым гарады Данбаса, большасць якіх расійская тактыка выпаленай зямлі ператварыла ў руіны. З Херсонскай вобласці таксама адбываецца падача вады ў акупаваны Крым.

Херсон — гэта важны тэст на здольнасць Украіны вярнуць акупаваную тэрыторыю падчас зацяжной вайны, кажа Кофман. Калі яна пацярпіць няўдачу, «гэта, верагодна, прымусіць многіх перагледзець перспектывы таго, што ў гэтай вайне, нават пры значнай ваеннай дапамозе Захаду, Украіна не зможа дасягнуць вяртання да межаў на 23 лютага».

Амерыканская гаўбіца M777 на баку Украіны. Фота: Associated Press

Амерыканская гаўбіца M777 на баку Украіны. Фота: Associated Press

Няпэўнасць у здольнасці Украіны праводзіць буйнамаштабныя контрнаступальныя аперацыі — яе самая вялікая праблема, кажа Фрыдман. Яна страціла некаторых са сваіх найбольш падрыхтаваных байцоў падчас баявых дзеянняў на Данбасе і ўсё больш спадзяваецца на добраахвотніцкія сілы тэрытарыяльнай абароны.

Навучанне ўкраінскай пяхоты на Захадзе, імаверна, не менш важнае, чым пастаўкі зброі. На мінулым тыдні стартавала брытанская праграма базавай падрыхтоўкі 10 тысяч украінскіх вайскоўцаў кожныя тры месяцы. Яна закліканая дапамагчы Кіеву стварыць другі эшалон або рэзервовыя сілы для контрнаступлення ў канцы гэтага года або ў 2023 годзе, кажа брытанскі чыноўнік.

Нават без паспяховага контрнаступлення Украіна ўсё яшчэ можа няўхільна аслабляць расійскія ўзброеныя сілы. «Самая вялікая праблема Пуціна — гэта захаванне цэласнасці яго ўзброеных сілаў, — кажа Фрыдман. — Бо ва Украіны ёсць толькі адна задача — абараняць сваю тэрыторыю».

Гібрыдная газавая вайна Расіі

Самая моцная пазіцыя ў Расіі — па-за полем бою. Сваёй блакадай Чорнага мора Масква душыць украінскую эканоміку, што адбіваецца на глабальным узроўні ў выглядзе рэзкага росту цэн на прадукты. Бамбардзіроўкі ўкраінскай інфраструктуры маюць падарваць маральны дух.

Бюджэтны крызіс ва Украіне паглыбляецца з-за спаду эканамічнай актыўнасці, імклівага падзення падатковых паступленняў і страты прытоку цвёрдай валюты ад экспарту сталі і збожжа. Толькі ў чэрвені цэнтральны банк спаліў больш за 9 адсоткаў сваіх валютных рэзерваў.

Акупаваны Севераданецк, 13 ліпеня. Фота: Associated Press

Акупаваны Севераданецк, 13 ліпеня. Фота: Associated Press

Тым часам Расія трымае Еўропу ў цуглях, скарачаючы патокі газу і пагражаючы адключыць яго зусім, што прывядзе да росту рахункаў за камунальныя паслугі і патэнцыйнага спынення энергаёмістых вытворчасцяў.

«Гібрыдная вайна Расіі ўзмацнілася падчас украінскай вайны, і мы выпусцілі гэта з-пад увагі, — кажа заходні дарадца па пытаннях абароны. — Калі Расія спыніць наземны наступ гэтым летам ці нават пяройдзе да абароны, то яе гібрыдная і эканамічная вайна можа нават узмацніцца».

Украінскія чыноўнікі кажуць, што Пуцін разлічвае на тое, што негатыўнае ўздзеянне інфляцыі і недахопу газу прымусіць еўрапейскія сталіцы схіліць Кіеў да спынення вайны на выгадных для Масквы ўмовах.

Расійскі лідар можа недаацэньваць рашучасць Захаду, гэтак жа як ён меркаваў, што заходнія сталіцы не прыйдуць на дапамогу Украіне пасля лютаўскага ўварвання, кажа Шаке.

«Да іх вялізнага гонару, народы ўсіх краін, якія ўсталі на бок Украіны, сапраўды гатовыя несці адказнасць за ўкраінскі суверэнітэт, — дадае яна. — І гэта выдатна. Але захаваць яго будзе няпроста».

Клас
70
Панылы сорам
7
Ха-ха
8
Ого
14
Сумна
17
Абуральна
30