Лукашэнка выкарыстаў візіт у Літву для самапіяру. Ён рэкламаваў уласную эканамічную мадэль, вайсковую моц і нават незалежнасць Мінска ад Брусэля.

У Вільню ехаў не Аляксандр Лукашэнка ўзору 1998 году, а новы Лукашэнка. Якому Еўропа патрэбная. На прэс-канферэнцыі гэты новы Лукашэнка прадстаў ва ўсёй шырыні.

«Вам жа трэба ў Брусель з’ездзіць перад тым, як рашэнні прымаць?» — пад’ялдыкваў ён у разліку на еўраскептыкаў. У Літве іх пакуль меншасць, дарэчы.

І вучыў Еўропу дэмакратыі.

І пераказваў сваю размову з Грыбаўскайтэ: «Я ёй кажу, няхай, гавары, чаго ўжо там. А яна мне кажа, што гэта падзяка. Ну тады аддзячвай».

Пра Ганчара і — як вы сказалі? Красоўскага? Красуцкага? — з еўратрыбуны ён гучаў асабліва шчыра.

«Запомніце толькі адно: мы не можам разбурыць краіну, наш курс». Выходзіць, літоўцы разбурылі сваю, пайшоўшы на дэмакратычныя перамены?

А галоўнае, ён спакушаў балтыйскіх бізнэсоўцаў дзяржаўна-аўтарытарным капіталізмам, у якім поспех залежыць ад блізкасці да кіраўніка дзяржавы, і больш ніякіх цвікоў.

За тыканне былая еўракамісарка, адказная за фінансы і бюджэт, бадай, аддзячыць.

Літоўская грамадская думка сустрэла Лукашэнку скептычна, а правяла іранічна. «Ці Літва ведае, у якую гульню гуляе?» — такім быў загаловак каментару найбольшага літоўскага інфармацыйнага парталу delfi.lt напярэдадні візіту. «Лукашэнка: ніводзін снарад не даляціць да Літвы», — так тамсама падсумавалі вынік візіту. Дзякуй, маўляў, супакоіў. А то нас няма каму абараніць.

Рысоўка на еўрасаюзаўскай зямлі разлічаная не на еўрапейскія эліты. Лукашэнку як з гуські вада і іхная думка, і іхная крытыка, дакуль ён мае 50 % падтрымкі ўнутры краіны. І дзе б ён ні быў, у Талачыне, Сочы ці Вільні, ён гаворыць з думкай пра гэтыя 50 %. У гасціннай Еўропе Лукашэнка з рэдкаснай палітычнай стараннасцю папрацаваў на выбары 2010-11 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?