Адзін з былых супрацоўнікаў «Прызыўнік.бай» тлумачыць: такія кампаніі дапамогі юнакам займаюцца проста кансультаваннем. 

«Там сядзяць людзі, якія ведаюць заканадаўства, медыцынскія аспекты (тыя захворванні, з якімі не бяруць у войска). Даюць парады, на якія абследаванні схадзіць, на якія моманты ў заканадаўстве звярнуць увагу. 

Напрыклад, калі чалавек займаўся нейкім спортам, яму раяць абследваць пэўную частку цела або органы. Ці калі ў чалавека бацькі маюць інваліднасць, яму расказваюць, ці могуць яго забраць у войска. Фактычна людзі плацяць за тое, што ім даюць простыя адказы пра тое, за што можна зачапіцца. Тут няма ніякіх гарантый, таму што гэта проста кансультатыўныя паслугі. Заплаціў грошы — далі інфармацыю. 

Калі ў чалавека ўсе добра за здароўем, няма юрыдычных падстаў не служыць у войску, то зразумела, што дапамагчы з выдачай нейкай даведкі аб іншым немагчыма». 

Сілавікі апублікавалі відэа з затрыманымі кіраўнікамі рэсурсаў, якія дапамагалі прызыўнікам. Іх былых кліентаў чакаюць праблемы

Фірма працавала каля 5 год. Калі «Прызыўнік.бай» толькі запускаўся, паслугі ў сярэднім каштавалі там 300-400 даляраў.

«Грошы вярталі, калі чалавека ўсё ж прызывалі ў войска. 

Раней было некалькі хваляў, калі да прызоўнікоў прыходзілі. Сілавыя структуры і тады цікавіліся імі. Але зараз відавочна гэта ўсё здарылася на фоне вайсковай актыўнасці ў Беларусі. Спрабуюць як мага больш людзей адправіць у войска», — мяркуе суразмоўца.

Аляксей (імя зменена) карыстаўся паслугамі кампаніі «Прызыўнік.бай» у мінулым годзе. Войска не ўваходзіла ў планы хлопца, ён не хацеў «праводзіць лепшыя гады свайго жыцця ў арміі».

«Думаў, што ў мяне ёсць шмат розных захворванняў, якія са мной па жыцці даўно: скаліёз, праблемы са зрокам, алергія. Мама яшчэ ў дзяцінстве казала, што з гэтым усім мяне ў войска не возьмуць. Калі прыйшоў час вырашаць гэтае пытанне, я даверыўся людзям, якія займаюцца суправаджэннем такіх працэсаў, — расказвае ён. 

У фірме яму далі анкету на чатыры старонкі, у якой трэба было пазначыць, што ў яго балела, якія дыягназы ёсць. 

Скрыншот паведамлянняў ад кампаніі

Скрыншот паведамлянняў ад кампаніі

«Адправіў яе ім, яны дастаткова доўга і дрэнна яе апрацоўвалі, — кажа хлопец. — Пераадрасоўвалі мяне ад аднаго чалавека да другога. Заплаціў 950 рублёў за паслугі, досыць адчувальная сума.

Пасля таго, як яны вывучылі маю анкету, да мяне прыставілі чалавека, які займаўся канкрэтна маімі пытаннямі. Пасля гэтага справа пайшла лепей.

У самой анкеце былі, напрыклад, такія пытанні: «адзначце на малюнку вобласці, дзе ў вас баліць спіна». Проста шукалі, за што можна зачапіцца. Сыходзячы з адказаў на пытанні, яны мне пачалі прызначаць дактароў, якіх мне трэба было прайсці. Здаецца, у спісе было 9 спецыялістаў. Нават упісалі туды глытанне зонда, хаця ў анкеце я пазначаў, што жывот у мяне не баліць».

Страхоўкі ў Аляксея не было, таму за кансультацыі дактароў і абследаванні плаціў ён сам. Сама кампанія падабрала аптымальныя медыцынскія цэнтры (у асноўным прыватныя), у якіх у іх былі правераныя дактары, што непрадузята ацэняць сітуацыю і змогуць даць экспертнае заключэнне. 

«Калі я хадзіў па дактарах, у мяне пыталіся, ад «Прызыўнік.бай» я ці не. Запісвалі яны мяне самі. Пасля прыёму я фатаграфаваў ім заключэнне, дасылалі мне каментар. Але і без іх каментара было ўсё зразумела.

Ніхто з дактароў нічога не знайшоў, нішто не з'яўлялася падставай для таго, каб не стаць прызыўным.

Ад глытання зонда я, праўда, адмовіўся, хаця мне вельмі прапаноўвалі. Ведаў, што з жыватом у мяне сапраўды ўсё нармальна.

За ўсе гэтыя кансультацыі дактароў, абследаванні я заплаціў яшчэ каля 600-700 рублёў», — падлічвае Аляксей.

Па словах хлопца, пасля ў фірмы яму прапанавалі проста чакаць позву. Калі яна будзе не па форме — можна абскардзіць.

«Я зразумеў, што разлічваць на іх асабліва сэнсу няма. Будзе ў мяне, можа, адтэрміноўка на адзін прызыў, і што? Гэта нічога не мяняе», — кажа ён. 

Тады Аляксей з'ехаў з Беларусі ва Украіну. Не толькі з-за набліжаючагася прызыву, але і з-за палітычнай сітуацыі ў краіне.

Ехаў ён праз Расію. Там яго затрымаў ФСБ. Хлопцу паведамілі, што з Расіі ён невыязны.

«Усе пытанні сказалі задаваць МУС Беларусі. Я складаным і доўгім шляхам выехаў з Расіі.

Нядаўна даведаўся, што знаходжуся ў міжнародным вышуку па запыце Беларусі. З-за таго, што ўцёк ад войска. За ўхіленне могуць выдаць, дарэчы. Падазраю, што гэта не асноўная прычына, але гэта тое, што напісана ў дакументах. А даведаўся я пра гэта, калі атрымліваў даведку аб несудзімасці.

Потым гэтая кантора мне пісала, пыталіся, як справы. Я адказаў, што выехаў і вяртацца не пляную. Грошы яны мне ніякія не вярталі — першапачаткова не давалі гарантый. У дамове было напісана, што калі нічога не знойдуць з захворванняў, яны могуць вярнуць 20 адсоткаў ад кошту іх паслуг пасля таго, як мяне прызавуць. Гэта каля 180 рублёў.

Наколькі ведаю, усе астатнія падобныя кампаніі таксама так працуюць. Проста «Прызыўнік.бай» — адна з самых вядомых. Па факце я ім плаціў грошы за тое, каб яны накіроўвалі мяне да дактароў, сыходзячы з маіх скаргаў», — дзеліцца хлопец.

Ён дадае, што праца фірмы выглядала цалкам легальна — у іх быў вялікі офіс у цэнтры горада, з Аляксеем яны заключалі дамову на аказанне кансультацыйных паслуг. 

Пра тое, што яны афіцыйна працуюць, расказвалі раней і самі кампаніі. Так, «Прызыўнік.бай», па словах фірмы, правяралі праваахоўнікі на прадмет, ці не ўдзельнічаюць яны ў карупцыйных схемах і змовах з медцэнтрамі ці ваенкаматамі. Такіх фактаў не знаходзілі. 

Чытайце таксама: 

У Беларусі перасталі працаваць сайты, якія кансультавалі прызыўнікоў

Сілавікі апублікавалі відэа з затрыманымі кіраўнікамі рэсурсаў, якія дапамагалі прызыўнікам. Іх былых кліентаў чакаюць праблемы

Клас
3
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
7
Сумна
4
Абуральна
2