Антываенны надпіс на будынку мэрыі Вільні

Антываенны надпіс на будынку мэрыі Вільні

Максім Сакалоў піша, што «ў 90-е не было ніякага рускага імперыялізму, Масква гатова была ісці на ўсё, але прыбалтаў гэта толькі падбадзёрвала і разгарачала», не ўспамінаючы штурм Вільнюскай тэлевежы і паліўную блакаду Літвы.

«Рэнацыфікацыя былых савецкіх рэспублік пайшла па нарастаючай», — сцвярджае Сакалоў. Пад «нацызмам» і «рэнацыфікацыяй» у Расіі разумеюць аддаленне ад Расіі і будаўніцтва незалежных дзяржаў народамі, якія некалі былі падпарадкаваныя Расійскай Імперыяй і СССР.

Сакалоў пералічвае сённяшнія ініцыятывы краін Балтыі — блакада Калінінграда (хлуслівая інфармацыя, у сапраўднасці блакады няма), знос савецкіх помнікаў, візавыя забароны, прапановы, каб расіяне, якія ўязджаюць, «падпісвалі паперу аб сваім поўным непрыманні палітыкі РФ» і гэтак далей.

«Відавочна, і цяпер там зноў вырашылі, што перамога еўрарэйха — справа вырашаная, і цалкам разбэсціліся», — піша прапагандыст. Пад «еўрарэйхам» аўтар мае на ўвазе Еўрасаюз і ЗША.

Ён ставіць пытанне, «што рабіць з Эстляндыяй, Курляндыяй, Ліфляндыяй і інш. пасля перамогі ва ўкраінскай кампаніі» — гэта назвы тэрыторый краін Балтыі ў Расійскай Імперыі.

Меркаванне Захаду ўжо не мае ніякага стрымліваючага фактара, але, паводле яго, ёсць іншы фактар стрымлівання.

«Рускамоўныя (de facto па культуры і самасвядомасці — рускія ці імперскія) меншасці. Калі Літва ў гэтых адносінах больш аднастайная, рускіх там каля пяці працэнтаў, то ў Эстоніі — прыкладна 30%, у Латвіі — каля 35%. Прычым у вялікіх гарадах (Рыга, Венстпілс, Дзвінск у Латвіі, Талін і Нарва ў Эстоніі) іх доля яшчэ большая. Тым самым любыя меры, накіраваныя супраць прыбалтыйскіх урадаў, бʼюць па суайчынніках, прычым часта ў першую чаргу па суайчынніках».

Нібыта пытанне, «што будзе з рускімі?» — тое, што стрымлівае «гарачыя галовы», якія «гавораць аб неабходнасці поўнай блакады лімітрофаў».

У сувязі з планамі расіян спыніць эканамічныя адносіны з краінамі Балтыі, на парадак дня выходзіць пытанне аб рэпатрыяцыі суайчыннікаў з тэрыторыі лімітрофаў у Расію, піша Сакалоў.

«Рана ці позна, прычым ужо хутчэй рана, чым позна, іншага выйсця не застаецца». 

Адным з прыкладаў «адносна паспяховай рэпатрыяцыі» аўтар прыводзіць сіянісцкі рух. Паводле яго, рэпатрыяцыя тады не ўсіх вабіла. Але хто не захацеў памяняць Нямеччыну на падʼём з нуля палестынскай сельскай гаспадаркі, у канцы 30-х гадоў палестынскі кібуц уяўляў не горшым варыянтам, але было ўжо позна, прыводзіць аналогіі аўтар. 

Ён прадказвае, што тое самае можа быць і зараз. «Прыбалты — культурная нацыя. Можна ездзіць у Еўропу па «шэнгене». Дом і побыт неяк наладжаны. Кінуць усё гэта і адправіцца ў невядомую Цьмутаракань не вельмі цягне», — прыводзіць аўтар магчымы варыянт меркавання «суайчыннікаў».

«Але ж праграма рэпатрыяцыі — гэта не тое, каб усіх сілком цягнуць на Святую Русь. Гэта ўсяго толькі даць шанец на вяртанне і ўладкаванне (з падʼёмнымі і іншым) усім, хто таго жадае. Тым жа, хто не жадае, — хай будзе твая воля. Але хто адкажа рашучай адмовай, павінен разумець, што з таго часу Расія здымае з сябе абавязацельствы па абароне суайчыннікаў у Прыбалтыцы. Хто не схаваўся, я не вінаваты».

Пасля праграмы рэпатрыацыі, «у зносінах з лімітрофамі рукі будуць развязаны».

«Жадаеце быць за чартапалохам — што ж, будзеце за чартапалохам. Іншага спосабу ўладкавання адносін з Эстляндыяй, Курляндыяй, etc. — калі, вядома, не паўтараць 1940 год, — не праглядаецца», — піша ён.

Такі кірунак думак на сайце афіцыйнага расійскага агенцтва можа адлюстроўваць правал спроб выкарыстоўваць расейцаў Балтыі ў якасці «пятай калоны».

Краіны Балтыі праводзяць паслядоўную палітыку на ўмацаванне сваёй дзяржаўнасці і абароназдольнасці з апорай на НАТА. Яны таксама надалі значную вайсковую дапамогу Украіне пасля нападу на яе Расіі ў лютым 2022 года. Гэта адбываецца на фоне стабільнага эканамічнага росту краін Балтыі. Па ключавым эканамічным паказчыку — памеры ВУП на душу насельніцтва — Эстонія, Латвія і Літва абагналі Грэцыю, а Эстонія і Літва таксама і Партугалію, і здаганяюць Італію.

Клас
5
Панылы сорам
4
Ха-ха
21
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
7