Андрэй Швед. Фота sb.by
Андрэй Швед падкрэсліў, што асобы, якія здзейснілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці, уяўляюць вялікую небяспеку для навакольных, бо яны замахваюцца на асновы канстытуцыйнага ладу і нармальнае жыццё грамадства. Таму пад амністыю, законапраект, які разглядаецца ў парламенце, яны не трапляюць.
Таксама генпракурор заявіў, што процідзеянне экстрэмізму як адной з найбольш небяспечных праяў, звязаных з замахам на канстытуцыйны лад дзяржавы, захоўвае актуальнасць.
«Падзеі жніўня 2020 года паказалі гэта з усёй відавочнасцю. Выконваючы даручэнне кіраўніка дзяржавы па навядзенні парадку ў краіне і гарантаванні бяспечных умоў пражывання грамадзян, мы ў самыя кароткія тэрміны справіліся з гэтай задачай. Сёння нашы людзі спакойна жывуць, працуюць і выхоўваюць сваіх дзяцей. У працэсе працы мы пастаянна вывучаем вопыт іншых дзяржаў па супрацьдзеянні экстрэмізму».
Андрэй Швед заявіў, што наладжана ўзаемадзеянне з Расіяй аб выдачы асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. За апошні час з Расіі выдадзена сем такіх асоб.
Усяго амністыя закране 8,5 тысяч чалавек, з месцаў пазбаўлення волі выпусцяць 1600 чалавек. Але сярод іх не будзе палітзняволеных.