Гэтыя могілкі ўтварыліся ў 1945—1948 гадах. Нямецкія ваеннапалонныя, якія працавалі на пасляваенным аднаўленні Магілёва, па розных прычынах паміралі, і тады на ўскраіне горада, у пачатку Любужскага лесапарку, было пахавана, па афіцыйных звестках, больш за 200 нямецкіх салдат, а па неафіцыйных — каля 1000. 

За савецкім часам могілкі былі закінутыя і не ахоўваліся. Мясцовы люд праводзіў самадзейныя раскопкі пахаванняў у пошуку залатых зубоў, а пра неабходнасць гуманных адносін да магіл былых акупантаў ніхто тады асабліва не задумваўся. 

Пасля атрымання незалежнасці Беларусі ўпарадкаванне пахаванняў правялі немцы, гэта было зроблена на сродкі рэктара Хільдэбургскага ўніверсітэта Тэа Вольфа ў 1996 годзе. На месцы пахавання была ўзведзеная капліца з чырвонай цэглы, а каля яе пастаўлены памятны знак. Тады ж адміністрацыя Кастрычніцкага раёна абнесла частку могілак агароджай, усталявала крыж і гранітную пліту з надпісамі на нямецкай і беларускай мовах.

Цяпер жа, праз чвэрць стагоддзя, пачалося знішчэнне агароджы некропаля. Паступова знікаюць адна за другой металічныя секцыі. Найбольш верагоднымі злодзеямі з’яўляюцца, на думку выдання Магілёў.Media, так званыя чорныя металісты — асобы, якія часта жабруюць, вядуць асацыяльны лад жыцця ці не маюць сталага месца жыхарства.

Пры жаданні знайсці злодзеяў адносна няцяжка, бо ў пунктах прыёму другаснай сыравіны ведаюць сваіх сталых кліентаў. Але мясцовая ўлада пакуль што гэтым не надта пераймаецца. 

Клас
0
Панылы сорам
7
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
19