5 кастрычніка старшыня Вярхоўнага суда адмовіўся абмяркоўваць праблему судовых адпісак з групай жанчын.

Як паведаміла бабруйчанка Валянціна Каваленка, у панядзелак 5 кастрычніка на штомесячны асабісты прыём да Сукалы з усіх рэгіёнаў краіны, акрамя Гродзенскай вобласці, прыехала 21 жанчына. «Мы ў чацвёрты раз за апошнія чатыры месяцы паспрабавалі сустрэцца са старшынёй Вярхоўнага суда, аднак, як і раней, прачакалі стоячы ў прыёмнай чатыры гадзіны і атрымалі адмову», — сказала Каваленка.

Паводле яе слоў на працягу многіх гадоў заяўніцы атрымліваюць ад чыноўнікаў Вярхоўнага суда фармальныя адпіскі на свае скаргі ў парадку нагляду, аплачаныя дзяржпошлінай. «Паколькі Сукала адмовіўся абмяркоўваць з намі пытанне адпісак, а 17 верасня кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей не прыняў прадстаўнікоў групы для абмеркавання гэтай праблемы, мы вымушаны будзем звяртацца ў міжнародныя структуры», — сказала Каваленка.

У лютым 2005 года быў асуджаны на 18 гадоў за забойства яе адзіны сын. Паколькі ў крымінальнай справе па факце забойства былі відавочныя супярэчнасці, бацька асуджанага стаў актыўна абскарджваць судовы прыгавор, аднак у снежні 2007 года быў асуджаны за распаўсюджванне наркотыкаў. У верасні 2009 года прыгавор у дачыненні да яго ў трэці раз быў адменены, і справа была накіравана на новы разгляд.

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0