Асаблівасць «Раздзялення» якраз і хаваецца за знешнімі супадзеннямі, падабенствамі ды перасячэннямі з класікай. Фота: Уілсан Уэбб/Apple TV+

Падманка ў кожнай серыі

На першы погляд, падаецца, нічога новага ў сюжэце няма. Вось буйная карпарацыя з культам асобы заснавальніка і яго сям'і, што кіруе бізнэсам. Значыцца, будзе бунт дробных людзей-вінцікаў, што існуюць унутры сістэмы — па ўсіх канонах «Матрыцы». Так і ёсць!

Вось галоўны герой Марк С., які пагадзіўся на раздзяленне: працоўны дзень ён бавіць у офісе, дзе займаецца нейкай бздурай (сарціруе незразумелыя даныя на дапатопным камп'ютары), а пасля выхаду з будынка забываецца на ўсё, што адбывалася за дзень. Як, дарэчы, і ўсе яго кампаньёны. Значыцца, чакай экзістэнцыяльных пошукаў альбо даследавання ўнутранага крызісу ды паралеляў з «Лепшай версіяй сябе». Так і ёсць!

Вось суровыя босы Марка, якія назіраюць за працэсамі ўнутры яго аддзела з чатырох чалавек ды сочаць за адаптацыяй у калектыве новенькай, Хэйлі Р. Значыцца, будзь гатовы да канфліктаў з мэтай падавіць асобу, прагу да вольнага жыцця і жаданне вырвацца з замкнёнага кола — вітанне «Палёту над гняздом зязюлі». Так і ёсць!

Спытаеце, дык што ж гэта за сырэц з другаснасці? Маўляў, не дзіва, што сінапсіс гэтага шоу доўгі час ляжаў без выкарыстання. Яшчэ ў 2016-м ён трапіў у штогадовы зборнік нявыкарыстаных сцэнароў і пілотаў у жанры трылера. І хай сабе ў галасаванні дзеячоў забаўляльнай індустрыі атрымаў высокі рэйтынг, ажно да 2019-га не звяртаў на сябе ўвагі. Пасля ж на тэкст наткнуўся былы акцёр, а цяпер рэжысёр ды прадзюсар Бэн Сцілер. Ён адразу аб'явіў, што бярэ пад патранаж не толькі вытворчасць, але і працу над сцэнаром, бо «адчуў у ідэях фундаментальны сум, характэрны для нашага часу».

Дык вось, асаблівасць «Раздзялення» якраз і хаваецца за вонкавымі супадзеннямі, падабенствамі ды перасячэннямі з класікай.

«Шоу Трумана», «Офісная прастора», «Быць Джонам Малкавічам», «Куб» — усё гэта насычае серыяльную прастору алюзіямі, цытатамі, асацыяцыямі. І робіць гледача паўнавартасным членам карпарацыі «Lumon». Быццам вы намагаецеся ўзгадаць нешта з былога жыцця, з таго, што насычала будзённасць і рабіла яе яркай, эмацыйнай, а не стэрыльнай, як оўпэнспэйс.

Калі ж гісторыя «Раздзялення» пачынае акружаць гледача ўсё новымі ды новымі сюжэтнымі лініямі, пераплятацца адна з адной ды заблытваць, быццам кідаючы ў лабірынт офісных калідораў, ты проста аддаешся плыні аповеду. Пасля чаго, уласна кажучы, і пачынаеш кайфаваць: навуковая фантастыка перацякае ў офісны дэтэктыў, пасля мяняецца на сатырычную камедыю, а далей прымае форму нейкага сюррэалістычнага трылера. Зразумела, што кожная серыя абрываецца кліфхэнгерам большай альбо меншай моцы — і гэта яшчэ больш заахвочвае дайсці да канца гісторыі.

Шыкоўны візуал

Інтэнсіўнага руху, да якога прывыклі спажыўцы сучасных серыялаў, у «Раздзяленні» няма — і гэта выклікае нараканні тых, хто ўспрымае дадзены фармат як фастфуд. Тут няма забойстваў, пераследу альбо сэксуальных оргій. Аднак дынаміка сюжэту захоўваецца — дастаткова толькі ўважліва прыглядацца да антуражу кожнай лакацыі ды слухаць дыялогі. Апошніх, магчыма, крышку зашмат, але яны дазваляюць вывучыць дэталі кожнай сцэны ды атрымаць эстэтычную асалоду ад сусвету серыяла.

За гэта, напэўна, зноў варта дзякаваць Сцілеру: яшчэ ў «Неймаверным жыцці Уолтэра Міці» ён праявіўся як выбітны майстар візуалізацыі. Тады як у «Раздзяленні» толькі ўдасканаліўся ў гэтым: шэсць серый з дзевяці, што зняў Бэн, выгадна адрозніваюцца ад эпізодаў Іфы Макардла. З другога боку, спісаць такі кантраст можна на глабальную задумку серыяла — маўляў, розніца між жыццём у сусвеце Lumon і рэальнасцю вельмі істотная. Таму і ў рэжысуры назіраецца такі ж суровы кантраст.

Увагі заслугоўваюць і дробязі, якімі насычаецца прастора «Раздзялення». Бліжэйшая будучыня, дзе існуюць героі, поўніцца архаічнай аргтэхнікай, сучасныя камеры назірання за людзьмі суседнічаюць са стужачнымі фотапаратамі, прайгравальнік вініла выглядае аляпавата на фоне антычнай прыгажосці, што аздабляе музей карпарацыі.

Увагі заслугоўваюць дробязі, якімі насычаецца прастора «Раздзялення». Фота: Apple TV+

Бліскуча рэалізавана і задума з пераходам ад побыту ў «Lumon» да існавання па-за офісам: трансфармуецца ракурс пры паказах герояў, мяняецца каляровая гама, нават вопратка дае разуменне, наколькі парадак у сістэме татальнага падпарадкавання карэлюе з хаосам будзённасці.

Арганічны акцёрскі склад

На пярэднім плане «Раздзялення» акцёры, якіх можна было бачыць у неблагіх працах. Той жа Адам Скот адзначыўся ў серыяле «Паркі і зоны адпачынку», а Брытні Лоўэр здымалася ў «Мужчына шукае жанчыну» ды перасякалася са Скотам у «Прывідах». Тым не менш, роляў усяго жыцця яны не мелі — ды і прамых асацыяцый з нейкімі працамі не збудавалі. Аднак ва ўмовах, куды акцёраў змясціў Сцілер, яны выглядаюць натуральна. Ды і змяняюцца па-за сценамі Lumon так, як патрабуе сцэнар: быццам у адным абліччы існуюць дзве розныя асобы. Гэта адбіваецца ў жэстах, міміцы, якасці жартаў.

А вось другасны каст значна больш вопытны і зорны. Тым не менш, ён не перацягвае ўвагі, а, хутчэй, дапамагае балансаваць аповед, дадаючы чалавечых гісторый у лінейку дэтэктыва альбо сай-фая. Ну і з практычнага боку, вядома, гэта годнае рашэнне аўтараў, бо павялічвае розгалас пра серыял. Пагадзіцеся, складана пакінуць па-за ўвагай кантэнт, у які ўклалася Патрыцыя Аркет — уладальніца бадай што ўсіх магчымых амерыканскіх кінаўзнагарод. Дый рэверанс у бок ЛГБТ — парадку дня з боку легендарнага ўладальніка «Оскара» Крыстафера Уокена і пераможцы Канскага фестывалю Джона Туртура выглядае не абавязковай данінай сучасным тэндэнцыям, а самастойнай гісторыяй у гісторыі. Той, што пазлам натуральна ўкладаецца ў агульную канву барацьбы з забаронамі «Раздзялення».

Выбітна і тое, што персанажы — нават другасныя — выглядаюць цэльна, у чым велізарная заслуга сцэнарыста Дэна Эрыксана. Да базавых матэрыялаў ён прыклаў стос каментароў, якія на эпізоды наўпрост не ўплывалі, але тлумачылі характар герояў, матывацыю, светапогляд. Таму ад галерэі персанажаў не патыхае штучнасцю. Гэта дасягненне, бо

да «Раздзялення» Эрыксан не меў сцэнарнага вопыту і працы над сур'ёзнымі праектамі. Баюць нават, што пасля зацверджання яго твора «Эплам» Дэн проста з перамоў паехаў развозіць пасылкі, бо падпрацоўваў кур'ерам.

Гісторыя для кожнага

Вызначыць жанр «Раздзялення» даволі складана. Нехта бачыць стрыжнем антыўтопію — і ўзгадвае, як «Чорнае люстэрка» такім жа чынам малявала карпаратыўнае будучае чалавецтва. Іншыя настойваюць на дамінанце трылера пра вызваленне асобы ды ўзгадваюць, што першая серыяльная праца Сцілера «Уцёкі з турмы Данэмора» мела прыблізна той жа кірунак. Ёсць класіфікацыя «Раздзялення» і як экзістэнцыяльнай драмы, бо тое, як героі пакутуюць ад стрэсу ды бягуць ад рэальнасці, таксама крышталізуецца ў магістральную лінію аповеду. А можна ж яшчэ і дэтэктыў сюды падвязаць, бо кожная загадка, раскрытая героямі, цягне за сабой наступную — і тут ужо нешта ад «Застацца ў жывых» намацваецца…

Прывабнасць шоу ў тым, што яго гісторыі не ўкладаюцца ў нейкую агульную класіфікацыю, а існуюць аўтаномна. Фота: Apple TV+

Аднак прывабнасць шоу якраз у тым, што яго гісторыі не ўкладаюцца ў нейкую агульную класіфікацыю, а існуюць аўтаномна. І таму кожны глядач можа абраць для сябе асноўны сюжэт, які лакаматывам пацягне астатнія складнікі. Прычым успрыняцце матэрыялу якасным прадуктам ад гэтага не пацерпіць. Падаецца, гэта і ёсць фішкай праекта, якую разумееш толькі пасля заканчэння апошняй серыі…

Дарэчы, колькі дзён таму «Эпл» абвясціў пра тое, што распачаліся здымкі другога сезона. Таму самы час далучыцца да свету, створанага Бэнам Сцілерам, і праверыць на сабе ўсю незвычайнасць «Раздзялення».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру