Юры Дракахруст публікуе ў сваім блогу на радыё «Свабода» цыкл артыкулаў па выніках свайго наведваньня Варшавы і гутарак зь вядучымі польскімі экспэртамі па Беларусі. Прапануем Вашай увазе працяг. Пачатак чытайце тутака.

Абсалютных гарантыяў посьпеху не дае ніякая палітыка. І я, і мае калегі задавалі нашым суразмоўцам [у Варшаве] пытаньне — ну а якія крытэрыі пасьпяховасьці, плёну новай палітыкі Эўропы і Польшчы? Лукашэнка праз 5 гады правядзе татальную прыватызацыю, праз 3 гады правядзе свабодныя выбары?

Калі, ў якім выпадку можна будзе сказаць, што палітыка прынесла плён?
«Калі Лукашэнка ня зробіць горшага», — адказаў Эўгеніюш Смоляр.
«Дык Вы самі бярэце на сябе ролю ягонага адваката, горш можа быць заўсёды» — спытаў я. Суразмоўца ўсьміхнуўся.

Спадару Білю з Фонду Квасьнеўскага я сказаў, што ён і ягоныя аднадумцы ў чымсьці падобныя на іх апанэнтаў. Прыхільнікі жорсткай лініі адносна Беларусі, палітыкі санкцыяў, ізаляцыі яе кіраўніцтва ў пакараньне за парушэньні правоў чалавека, калі ім закідаюць, што ніякага плёну гэты ціск не дае, адказваюць — пачакайце, раней ці пазьней плён будзе. Прыхільнікі дыялёгу, ўцягваньня беларускай улады ў эўрапейскія справы, размываньня яе маналітнасьці, на пытаньне, калі ж і якія вынікі дадуць гэтыя выдатныя намеры, адказваюць — у пэрспэктыве. Дык чым адны адрозьніваюцца ад іншых?

На гэта мой суразмоўца адказаў гістарычнай аналёгіяй. Пасьля Другой Сусьветнай вайны, калі паўстала Заходняя Нямеччына, а СССР стварыў ГДР, Бон шмат гадоў праводзіў «дактрыну Хальштэйна» (па імені дзяржсакратара МЗС ФРГ, які яе прапанаваў) — ФРГ не прызнавала ГДР і разрывала дыпляматычныя адносіны зь любой краінай (акрамя СССР), якая прызнавала камуністычную Нямеччыну. Пазыцыя была надзвычай прынцыповая і пасьлядоўная.

Але гэта не прадухіліла прызнаньня ГДР усімі краінамі сацлягеру і некаторымі краінамі «трэцяга сьвету».

Дактрына не давала плёну і стварала пэўныя праблемы самой ФРГ. Можа, яна спрацавала б пазьней, пры пасьлядоўным яе правядзеньні? Можа быць. Толькі гісторыя гэтага не дачакалася. Да ўлады ў Нямеччыне прыйшоў канцлер Віллі Брандт, які павёў новую Ostpolitik — прызнаў ГДР і краіны сацлягеру. Ці дасягнуў ён сваіх мэтам гэтым крокам — сказаць цяжка, але варта зазначыць, што ягоныя апанэнты, калі вярнуліся да ўлады, не зьмянілі гэтую палітыку Бранта.

Так і ў падыходах да Беларусі.

Палітыка — гэта не геамэтрыя, там няма дакладных доказаў і абвяржэньняў.
Ранейшая палітыка дыскрэдытавала сябе ў вачах многіх (хаця і ня ўсіх), да ўлады ў розных краінах прыйшлі людзі, якія падзяляюць іншыя падыходы, зьмянілася сытуацыя ў сьвеце, на першые месцы ў ацэнках плёну палітыкі адносна Беларусі выйшлі іншыя фактары.

Дарэчы, наконт санкцыяў цікавую гістоыю распавёў Эўгеніюш Смоляр. Пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча ў Польшчы ў 1981 годзе ён выступаў у кангрэсе ЗША і заклікаў ня ўвадзіць санкцыі адносна рэжыму Ярузэльскага. І зусім не з сымпатыяў да гэтага рэжыму. Паводле Смоляра

санкцыі маюць плён тады, калі яны брутальныя, усёабдымныя і …кароткатэрміновыя, калі такім чынам можна хутка паставіць рэжым на калені. Калі гэта не атрымліваецца, калі мэта санкцыяў — доўгатэрміновая ізаляцыя, то яны не набліжаюць, а аддаляюць дасягненьне мэтаў, дзеля якіх яны ўводзяцца.

Між іншым, амэрыканцы тады гандлёвыя санкцыі супраць рэжыму ваеннага становішча ўсё ж увялі і трымалі ажно да падзеньня камуністычнай улады...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?