Кацянёў на здымках у Лондане

Калі ў канцы 2021 года агент акцёра паведаміла яму: «Ты не паверыш, але табе прапануюць на Ельцына паспрабавацца» — Кацянёў успрыняў гэта без лішніх эмоцый.

«Здымалі пробу самі, паколькі гэта міжнародны праект. Мне даслалі сцэнар аднаго эпізоду. Я пачытаў і вырашыў, што гэта нейкі камедыйны серыял. І ўключыў такую пародыю на Ельцына. Знялі, добра правялі час, пасмяяліся. Мой агент адправіла пробу агенту міжнароднага кастынгу. І аднойчы раздаецца званок: «У вас у такі час відэаканферэнцыя наконт кастынгу на ролю Ельцына», — расказвае акцёр.

Рэжысёрам гэтага эпізоду «Кароны» быў кінарэжысёр з Мюнхена Крысціян Швохаў.

— Ён знаходзіўся ў Лондане, як і наш перакладчык Міця, дарэчы, беларус, які таксама жыве ў Лондане і вучыцца на акцёрскіх курсах. Рэжысёр папрасіў не парадзіраваць Ельцына, а быць самім сабой, — кажа акцёр. — Мы зрабілі тры дублі. Пасля чаго мне патэлефанавала агент міжнароднага кастынгу і паведаміла, што рэжысёр ёй сказаў: «Усё, Ельцына больш не шукаем, Ельцын у нас ёсць».

10 студзеня 2022 года Кацянёў вылецеў у Лондан.

— Усё было неяк нечакана лёгка, будзённа і проста. Нас — я кажу пра сябе і акцёра Маскоўскага тэатра імя Маякоўскага Аляксея Дзякіна, які сыграў Мікалая II, — засялілі ў гатэль, уручылі банкаўскую картку, на якую штотыдзень 170 фунтаў стэрлінгаў камандзіровачных пералічвалі. Плюс сняданак, абед і вячэру. І, зразумела, ганарар. Я прабыў там 48 дзён, хоць у мяне было ўсяго сем здымачных дзён. Яны выкупілі ўвесь мой час. Я адмовіўся ад спектакляў, а здымак у гэты час у мяне ў Маскве не было.

Акцёр прызнаўся, што да запрашэння на здымкі ў Лондан не бачыў ніводнай серыі «Кароны».

— Калі ляцеў у Лондан здымацца, нават не ўяўляў, што гэта за серыял. Думаў, гэта нейкая камедыя будзе, таму што я зрабіў на пробах пародыю на Ельцына і мяне раптам зацвердзілі. Ужо ў Лондане я стаў глядзець гэты серыял і зразумеў, што ўсё сур'ёзна, а не нейкі там капуснік. Першы раз я гэта зразумеў у аэрапорце, калі памежнік узяў мае дакументы і ўбачыў лагатып серыяла на запрашэнні. Ён так натхніўся!

Атмасфера на здымачнай пляцоўцы, па словах акцёра, была падобная да свята кожны дзень.

— Яны працуюць так, як быццам сёння свята. Кожны дзень было адчуванне, што вось зараз скончым працу і будзем адзначаць Новы год. Яны чумавыя ў гэтым плане. Сустракаюць цябе так, як быццам чакалі цябе ўсё жыццё, і вось ты нарэшце прыехаў. Я глядзеў на іх у першыя дні здымак, як на экзотыку, і яны на мяне гэтак жа глядзелі. Але вельмі хутка прыйшло адчуванне, што мы з імі ўжо сто гадоў разам працуем. Моцна не адрознівалася ад таго, як мы ў Расіі здымаем. Але нюансы былі. Тэхніка крутая. І яны вельмі моцна заточаныя на працы, працуюць бясконца. Калі ў іх узнікае паўза, яны хуценька хапаюць сваіх дзяцей, сяброў або любімых і нясуцца па музеях усё паглядзець.

«Мяне практычна не грыміравалі»

Ролю Лізаветы II у пятым сезоне «Кароны» выканала Імельда Стонтан, вядомая па ролі Далорэс Амбрыдж у фільмах пра Гары Потэра.

— Яна выглядае на экране такой даволі моцнай, круглатварай, а на самай справе яна далікатная маленькая жанчына, вельмі абаяльная і кранальная. Мы цалавалі адно аднаму рукі, калі расставаліся пасля здымак. Яна вельмі удзячны партнёр.

Роля Ельцына, кажа Кацянёў, абавязвала быць «на ўзроўні».

— Усё ж такі за плячыма майго персанажа была ўся Расія. Не будзем казаць пра яго гады кіравання, але маштабнасць гэтага чалавека адчувалася. Дарэчы, для стваральнікаў серыяла было непрынцыпова партрэтнае падабенства, гэта ж не шоу двайнікоў. Так што мяне практычна не грыміравалі — ніякіх налепак, накладак, гумоза (мяккі пластык для аб'ёмных дэталяў на скуры). Быў толькі тон і пудра, каб паказаць, што персанаж разгарачаны, яму горача, ці наадварот — злёгку бледны, напрыклад, на прыёме Лізаветы ў Георгіеўскай зале.

У серыяле Лізавета II глядзіць па ТБ навіны, на экране — кадры путчу ў Маскве ў 1991 годзе. Яны, як высветлілася, таксама былі знятыя ў Лондане.

— Яны ўсё абгарадзілі экранамі храмакея. І потым на камп'ютарах стварылі маскоўскія вуліцы. Праблема была толькі з полымем Вечнага агню. Агонь быў рэальны, не камп'ютарны, спецыяльны чалавек гарэлку ў патрэбны момант падпальваў. А я вучыў ганаровую варту правільна падымаць нагу. Яны вельмі педантычныя ў дачыненні да дэталяў. Ведаю, што дзяўчынка спецыяльна ездзіла з Лондана ў Маскву, купляла адзенне для царкоўнаслужыцеляў і форму для ваенных ганаровай варты. Два танкі Т-54 яны прыгналі — дзеля некалькіх секунд на экране.

Ганарар дазволіў пагасіць іпатэку за трохпакаёвую кватэру ў Маскве

Апошні здымачны дзень у Анатоля Кацянёва быў прызначаны на 23 лютага. На наступны дзень ён павінен быў вылецець у Маскву. Але здарыўся форс-мажор — рэжысёр падхапіў кавід і папрасіў акцёра затрымацца, а 24 лютага пачаўся напад на Украіну, рэйсы з Лондана ў Маскву былі адмененыя.

— Мне двойчы мянялі квіткі. Спярша быў варыянт ляцець праз Хельсінкі, але ўжо ў аэрапорце высветлілася, што адтуль я таксама не палячу ў Маскву. У выніку мяне адправілі праз Катар. 10 гадзін ляцеў на нейкім незвычайным самалёце, як быццам у купэйным цягніку, толькі без столі. Адзін у купэ. Спачатку з Лондана ў Доху, потым з Дохі ў Маскву. Без рэчаў, іх не паспелі перагрузіць з самалёта на самалёт. На наступны дзень да дзвярэй прынеслі мой багаж з выбачэннямі. Прызнацца, я перажываў за яго, таму там былі падаруначкі для дачкі — цацкі, сукеначкі. У снежні ёй будзе 4 гадкі. Вельмі засумаваў па ёй і яна па мне. Усё-такі 48 дзён тату не бачыла.

Праца ў серыяле, прызнаецца акцёр, добра падтрымала яго ў фінансавым плане — ганарар дазволіў пагасіць іпатэку за трохпакаёвую кватэру ў Маскве, якую ён купіў для сваёй новай сям'і — актрысы Алены Карповіч і дачкі Соф'і.

— Без гэтага ганарару я б яшчэ не адзін год спраўляўся, а так засталося зусім крыху. Усё нажытае за 60 гадоў засталося ў Беларусі, у іншым жыцці. Іпатэку прыйшлося браць, у маім узросце гэта няпроста, — кажа 64-гадовы Анатоль Кацянёў. — Але нічога, жыццё працягваецца, толькі б здароўе не падводзіла.

Чытайце таксама:

Беларусы зняліся ў топавым серыяле ад Netflix. Адзін з іх — у ролі Ельцына

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру