Ілюстрацыйнае фота. Футбаліст Цярэнцій Луцэвіч падчас Вадохрышча ў Мінску
Апошнія гады мы назіраем, як расійская мода на акунанне ў палонцы на свята Хрышчэння распаўсюдзілася і на Беларусь. Вось як гэта, да прыкладу, адбываецца ў Мінску.
Нічога такога да 1990-х не было.
Вось на фота Вадохрышча на рацэ Мнюціцы ў мястэчку Лужкі Дзісенскага павета. Фота зробленае ў сярэдзіне 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Гэта быў важны фэст, з працэсіяй і крыжам, выразаным з лёду, але ніхто не акунаўся. Больш за тое, такое акунанне грамадская думка тады палічыла б непрыстойнасцю. Даўней саромеліся пры людзях раздзявацца і лезці ў ваду.
Урачыстае асвячэнне вады на рацэ Мнюціцы ў мястэчку Лужкі Дзісенскага павета. Сярэдзіна 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Фота з архіва Зінаіды Елісеевай (Мяцеліца)
А вось як апісвае святкаванне Вадохрышча ў сваёй працы «Абрады і звычаі Дзісеншчыны» Васіль Стома:
«На Вадохрышча ў некаторых цэрквах, асабліва калі яны знаходзіліся недалёка ад ракі ці возера, адбывалася ўрачыстае пасвячэнне вады. Дзеля гэтага ўжо за пару дзён перад святам выразаўся з лёду вялікі колькіметровы крыж, які фарбаваўся найчасцей ярка-сіняй фарбай і ўстанаўляўся на лёдзе недалёка ад берага ракі; навокал крыжа расстаўляліся зялёныя ялінкі ды іншыя ўпрыгожанні. Пасля заканчэння Багаслужбы ў царкве ў бок ракі ці возера ішоў хрэсны ход; па кароткіх малітвах над вадой святар апускаў у загадзя прасечаную палонку напрастольны крыж і гэтым самым асвячаў ваду. У часе апускання крыжа паліцыя, войска ці іншыя стралкі давалі залпам тры выстралы.
Пасля заканчэння Багаслужбы на рацэ кожная сям'я набірала з палонкі вады ў загадзя падрыхтаваную пляшку. Гэтая вада лічылася святой ды перахоўвалася праз цэлы год для ўжытку ў розных выпадках, такіх як пажар, раптоўная хвароба і г. д.»
«Акунанне ў палонку на Вадохрышча — цалкам не царкоўны звычай. Ён не мае ніякай сакральнай сілы, з ім адназначна не звязана абмыванне грахоў, — расказваў светлай памяці протаіерэй Сергій Гардун.
Ёсць толькі два спосабы вызвалення ад сваіх грахоў. Першы — гэта само прыняцце хрышчэння, і чалавек можа быць ахрышчаны толькі адзін раз у жыцці. Па-другое, калі мы … каемся ў сваіх грахах. … Царква загадвае гэта рабіць не радзей чым 4—5 разоў на год, можна часцей, кожны месяц».
Ён адзначыў, што непадрыхтаваны чалавек, акунаючыся ў палонку, можа толькі нашкодзіць свайму здароўю.
«Акунацца можна толькі ў тым выпадку, калі ты падрыхтаваны да гэтага», — казала загадчыца другога тэрапеўтычнага аддзялення Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы Ганна Лескіць.
«Акунанне ў палонку для непадрыхтаванага чалавека нічога, акрамя стрэсу для арганізма, не дасць. Асабліва пільнымі трэба быць людзям, якія маюць сардэчна-сасудзістую паталогію.
Ад акунання ў халодную ваду можа здарыцца спазм. А да якіх наступстваў ён можа прывезці? Гэта і інфаркт, і спыненне сэрца.
Людзям, якія маюць праблемы з дыханнем, таксама не варта рызыкаваць, — тлумачыць доктарка. —
Вадохрышча — гэта не атракцыён, каб акунуцца дзеля таго, каб акунуцца. — Не варта гэта рабіць без трэніроўкі».
Акрамя таго, раптоўнае пераахалоджванне арганізма вядзе да хвароб мочапалавых органаў, сярод якіх цыстыты і імпатэнцыя, кажуць дактары.
Таму не паддавайцеся расійскім уплывам, не капіруйце дурных звычак бяздумна, гэта псеўдагеройства.






Але, можа, канешне, і ёсць - гэтак жа як сумленне ў лукі і афіцэрскі гонар у так званых "міліцыянераў".