Фота: The Wall Street Journal

Фота: The Wall Street Journal

Выданне The Wall Street Journal апублікавала відэарэпартаж пра Беларусь і яе гатоўнасць да магчымага ўступлення ў вайну супраць Украіны.

Здымачны працэс адбываўся ў тым ліку падчас нядаўна праведзенай Аляксандрам Лукашэнкам прэс-канферэнцыі з замежнымі журналістамі. 

Каманда WSJ пабывала на беларускай частцы мяжы з Украінай па запрашэнні Дзяржпагранкамітэта Беларусі. Там журналістам паказвалі сітуацыю на мяжы і расказвалі пра «пагрозу ўкраінскага ваеннага ўварвання».

«Сітуацыя на гэты момант дастаткова напружаная і, канечне, трэба выконваць меры бяспекі. Абстаноўка можа памяняцца літаральна праз хвіліны ці гадзіны, і нам давядзецца рэагаваць. Наша памежная служба да такіх выклікаў гатовая і адкажа адпаведным чынам», — сказаў журналістам афіцыйны прадстаўнік ДПК Беларусі Антон Бычкоўскі.

Таксама камандзе WSJ удалося пагаварыць са звычайнымі беларускімі памежнікамі, якія адзначылі, што рэгулярна заўважаюць у небе ўкраінскія дроны. Самі ўкраінцы потым пракаментавалі гэтыя заявы.

«Мы выкарыстоўваем дроны для пастаяннага назірання за колькасцю ворагаў, іх перамяшчэннем і дзейнасцю. У той жа час яны таксама заўсёды адсочваюць нашу актыўнасць», — распавёў Аляксандр, адзін з камандзіраў украінскіх пагранічнікаў на мяжы з Беларуссю.

Пасля гэтага рэпарцёр WSJ Эн Сіманс за кадрам у відэа прыводзіць словы Лукашэнкі аб жорсткім адказе Беларусі ў выпадку правакацый з боку Украіны і адзначае, што пры гэтым адказе Лукашэнка сам можа сутыкнуцца з сур'ёзнымі выпрабаваннямі.

«У Беларусі маленькая і не правераная ў баі армія, а апытанні паказваюць, што беларусы ваяваць не прагнуць», — падкрэсліла Сіманс.

Пры гэтым яна звяртае ўвагу на тых беларусаў, якія ўсё ж дапамагаюць Расіі ў агрэсіі супраць Украіны, і прыводзіць у прыклад лукашысцкі Беларускі саюз жанчын і Дабрачынны фонд Аляксея Талая.

Журналісты WSJ у Мінску змаглі пабачыць, як БСЖ разам з фондам Талая рыхтуюць гуманітарную дапамогу для «патрэб жыхароў Данбаса».

«Мы яе размяркуем па дзіцячых дамах, бальніцах і населеных пунктах на прыфрантавых тэрыторыях Данбаса. Мы адно на аднаго абапіраемся: Расія на Беларусь, Беларусь на Украіну, і я нават больш скажу, сама Украіна мае ў нас патрэбу. Для Беларусі ўсё, што адбываецца там, — гэта боль, гэта як у сям'і», — паведаміў журналістам прадстаўнік фонду Талая бізнэсмен Уладзімір Казбанаў, пры гэтым адзначыўшы, што яго арганізацыя знаходзіцца па-за палітыкай.

Поўны рэпартаж на англійскай мове вы можаце паглядзець ніжэй.

Відэа: The Wall Street Journal

Чытайце яшчэ:

Савіных спрабаваў сарваць выступ Ціханоўскай перад ПА АБСЕ. Але не выйшла, і ён пакінуў залу

«Я даў яму паслухаць перахоп размоў расійскіх вайскоўцаў. Ён збялеў, потым стаў чырвоным». Кіраўнік украінскіх памежнікаў распавёў пра апошнюю сустрэчу з Лапо

ISW папярэдзіў аб падрыхтоўцы Расіі да аперацый пад ілжывым сцягам на поўдні Беларусі

Клас
7
Панылы сорам
24
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
16