"Тройца". фота - troitsa.net
Вось так цішком-нішком, купальскае кола з назвай «Тройца» ўжо 10 гадоў у дарозе.
Заснаванае ў 1999 годзе, этна-трыё займаецца спалучэннем цяпершчыны і завядзёнкі, з пашанай да жывога спракаветнага гуку, стварае сучаснае. Незаступным кіраўніком «Тройцы» з'яўляецца мультыінструменталіст Іван Кірчук, адна з заўважных постацяў у беларускай этнакультуры.

Гурт, які выконвае народную музыку, аб'ездзіў увесь свет, запісаў пяць альбомаў, сярод якіх такія шэдэўры, як «Журавы» і «Сон-трава», а таксама браў удзел у запісе саўндтрэкаў кінастужак «Маленькія ўцекачы» і «Тры талеры».

Як «Тройца» будзе адзначаць сваё дзесяцігоддзе? 15 лістапада ў вялікай залі КЗ «Мінск» адыграе вялікі сольны канцэрт «Аўтабаны і менестрэлі».

На сцэне мы ўбачым «Тройцу» нета. «Разаграваць нас ніхто не будзе — мы дамо рады ўтрох, — кажа Іван Кірчук. — Колісь у Маскве мы самі разагравалі Massive Attack: скажу шчыра, было некамфортна. Да таго ж мы супраць разагравання як такога, мы хутчэй хацелі б пагружаць у даўнейшыя мелодыі і старажытныя пульсацыі».

Музыкі абяцаюць, што адсутнасць гасцей будзе кампенсаваная вялікай колькасцю размаітых, цікавых па гучанні, інструментаў, якія гурт нажыў за 10 гадоў свайго існавання. На сцэне разгарнецца цэлая этнічная кухня з розных краінаў: і тыбецкія чаны, і цытра, якую гурту падарылі ў Галандыі, і беларускі смык, і арабская дарбука, а таксама звычайныя бубны і гітары.

«У наc асаблівае стаўленне да канцэртаў на радзіме, — дадае Кірчук. — Калі дзесьці за мяжой можна выступіць напаўсілы, нешта прыхаваць, памыляцца, то перад сваімі зрабіць тое цяжка: яны ўсё бачаць, усё разумеюць».

Акрамя таго, у гонар 10-годдзя свайго гурта, Кірчук выдаў кнігу «Аўтабаны і менестрэлі», у аснову якой леглі яго дзённікавыя нататкі. «Аўтабаны і менестрэлі» — гэта найперш яскравыя моманты з жыцця гурта, уражанні ад падарожжа па краінах і кантынентах.

«Мы бачылі бачылі сотні дарог, расейскіх, еўрапейскіх, дзясяткі не падобных адна да адной краін, — кажа Іван Кірчук. — І захацелася свае ўражанні ад вандровак захаваць. У кнізе апісаныя сустрэчы з людзьмі, краявіды, фальклорныя экспедыцыі. Нейкія моманты прыходзілі ў вершаванай форме».


фота - troitsa.net

Такім парадкам, святкуйма 10-годдзе «Тройцы» на іх сольным канцэрце. 15 лістапада. Вялікая зала КЗ «Мінск». Пачатак а 19.00

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?