Яго словы прыводзіць прэс-служба і БелТА.

Паводле яго, нібыта затрымалі «тэрарыста ўкраінскіх спецслужбаў і яго памагатых, якія маюць дачыненне да спробы дыверсіі» ў дачыненні да каштоўнага расійскага самалёта А-50.

Лукашэнка абвінаваціў у дыверсіі ў Мачулішчах Службу бяспекі Украіны і кіраўніцтва амерыканскага ЦРУ.

«Служба бяспекі Украіны, кіраўніцтва ЦРУ не тое збоку, не тое за спінай распрацоўваюць аперацыю супраць Рэспублікі Беларусь. Быў падрыхтаваны тэрарыст. Ён расіянін, з расійскім пашпартам, мае ўкраінскі пашпарт. Нарадзіўся ў Крывым Рогу, жыў у Крыме. Сваякі ў Аўстрыі некаторыя, некаторыя засталіся ў Кіеве. Ён быў завербаваны спецслужбай Украіны ў 2014-м, накшталт, годзе. Айцішнік або добра разбіраецца ў IT-тэхналогіях. Рыхтаваўся для здзяйснення тэрарыстычных актаў», — распавёў ён.

Прыкметы, названыя Лукашэнкам, нагадваюць тыя, што былі ў міліцэйскіх арыенціроўках. «Наша Ніва» тады звязалася з сястрой хлопца, якога шукалі — яна сказала, што ў дні дыверсіі ён быў дома, ва Украіне.

Па словах Лукашэнкі, пры падрыхтоўцы «тэракта» выкарыстоўваліся «самыя высокія тэхналогіі». «Гэта сапраўды было штосьці неверагоднае», — сказаў ён.

І панаракаў, што абралі малы беспілотнік.

Але на відэа, якія публікаваў «Байпол», да А-50 падлятаў самы звычайны дрон.

«Таму што, калі б яны выкарыстоўвалі вялікі, то сістэмы нашага сачэння, вядома, яго б адсачылі. Ва Украіне былі задзейнічаныя гэтыя два беспілотнікі, навучаны гэты чалавек і іншыя, якія яму дапамагалі. Пра гэта мы раскажам вам потым».

Аляксандр Лукашэнка нярэдка абяцае расказаць «пасля», «будзе вельмі цікава», але найчасцей за гэтымі словамі няма ніякага працягу.

Сама дыверсія здарылася 26 лютага. «Байпол» узяў адказнасць за яе на сябе, заявіўшы, што беларусы з дапамогай двух дронаў пашкодзілі самалёт. Сцвярджалася, што выканаўцы паспяхова здолелі пакінуць тэрыторыю Беларусі. «Байпол» апублікаваў таксама два відэа, на якіх бачна, як дрон прылятаў на разведку і сядаў на А-50, але відэа самой атакі не было.

Раней беларускія дзяржаўныя СМІ называлі інцыдэнт на аэрадроме з расійскім самалётам А-50 фэйкам, адмаўлялі, што з ім нешта здарылася.

Як сцвярджаюць вайсковыя эксперты, самалёт А-50 выкарыстоўваўся для навядзення на цэлі ва Украіне расійскіх ракет і дронаў.

На мінулым тыдні самалёт А-50 вылецеў на рамонт на Таганрогскі завод і не вярнуўся, хоць дзяржаўныя СМІ ў той дзень заяўлялі, што самалёт ажыццяўляе аблёт тэрыторыі Беларусі і выконвае баявыя задачы. 

Крыніцы «Нашай Нівы» і праваабаронцы паведамлялі пра масавыя рандомныя затрыманні і ператрусы ў раёне Мачулішчаў, а таксама сярод страйкбалістаў, рэканструктараў і стралкоў.

Чытайце таксама:

Сястра «дыверсанта» з міліцэйскай арыенціроўкі: Ён быў дома ў гэтыя дні

Кіраўнік «Байпол»: «Ва ўсёй сістэме МУС толькі пра гэта і гавораць». Азараў пракаментаваў вылет А-50 з Мачулішчаў

Красамоўна. Што лукашэнкаўскія каналы напісалі пра выбухі ў Мачулішчах

Клас
2
Панылы сорам
7
Ха-ха
46
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
3